Суды ў Гродне ізноў пераносяць
- 5.06.2012, 16:21
У судзе Ленінскага раёна Гродна пачалі разгляд справы ў дачыненні да віцэ-старшыні Саюза палякаў Рэнаты Дземянчук.
Працэс перанеслі на чацвер, 7 чэрвеня, з-за таго, што ў суд не з'явіліся сведкі з боку міліцыі. Заўтра, 6 чэрвеня павінныя пачацца адразу тры суды над затрыманымі ўдзельнікамі пікету, нагадвае «Радыё Свабода».
Рэнату Дземянчук абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце 1 чэрвеня. У гэты дзень затрымалі больш за дваццаць удзельнікаў пікету, якія пратэставалі супраць увядзення ў школе з польскай мовай навучання расейскамоўных класаў. У пятніцу быў асуджаны толькі адзін удзельнік пікету, Ігар Банцар, яму прысудзілі 13 сутак арышту. Пры затрыманні ён быў моцна збіты міліцыянтамі.
Сябры СПБ звярталіся ў гарвыканкам па дазвол на пікеты, але ўлады ім адмовілі. Дарэчы, адзіная школа ў Гродне з польскай мовай навучання пабудаваная на сродкі польскага ўрада. Гродзенскія ўлады матывуюць неабходнасць адкрыцця расейскамоўных класаў у школе з польскай мовай навучання тым, што суседнія школы ў мікрараёне перапоўненыя.
Учора суды над затрыманымі таксама не адбыліся.
Суда чакалі 9 удзельнікаў пікету, бо міліцыянты склалі на іх пратаколы і паабяцалі, што ў панядзелак да кожнага з іх патэлефануюць. Некаторыя з затрыманых самі прыходзілі ў суд, але там адказвалі, што пратаколаў яшчэ няма. У аддзяленні таксама сказалі чакаць, але дакладнага часу не назвалі.