BE RU EN

Гай Райдэр: МАП сочыць за сітуацыяй з прафсаюзамі ў Беларусі

  • 6.06.2012, 17:05

Сітуацыя з правамі прафсаюзаў у Беларусі будзе і надалей знаходзіцца пад пільным кантролем Міжнароднай арганізацыі працы.

Пра гэта заявіў новы генеральны дырэктар МАП Гай Райдэр на сустрэчы Аляксандрам Ярашуком, лідарам Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў, паведамляе сайт БКДП.

Ярашук удзельнічае ў Міжнароднай канферэнцыі працы, якая праходзіць у Жэневе з 30 мая па 15 чэрвеня.

57-гадовы брытанец Гай Райдэр быў абраны гендырэктарам МАП 28 мая з дзевяці кандыдатаў на гэтую пасаду. Раней ён доўгі час узначальваў Міжнародную канфедэрацыю прафсаюзаў (МКП). Ягоны папярэднік Хуан Самавіа (Чылі) пакінуў пасаду гендырэктара МАП у верасні 2011 года па сямейных абставінах.

Узначальваючы МКП, Гай Райдэр неаднаразова крытыкаваў улады Беларусі ў сувязі з фактамі парушэння правоў незалежных прафсаюзаў, а ў маі 2006 года ён разам з кіраўнікамі Еўрапейскай канфедэрацыі прафсаюзаў і Сусветнай канфедэрацыі працы заклікаў ЕЗ прыпыніць дзеянне гандлёвых прэферэнцый у дачыненні да Беларусі з-за сістэматычных парушэнняў правоў прафсаюзаў . Праз год, у чэрвені 2007-га, Беларусь была выключаная з Генеральнай сістэмы прэферэнцый Еўразвяза.

Апошнія навіны