У Гродне працягваюцца суды над актывістамі Саюза палякаў
- 7.06.2012, 10:35
На 4,5 мільёна рублёў аштрафаваны грамадскі актывіст Эдвард Дмухоўскі нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце ў Гродне.
Дмухоўскі кажа, што не ўдзельнічаў у акцыі, а праходзіў міма і ўбачыў, як людзі ў цывільным цягнуць у аўтобус ягонага сябра Ігара Банцара. Тады арыштавалі і Дмухоўскага.
Справу актывіста разглядалі 6 чэрвеня, але суддзя не вынесла рашэння, паколькі на прадстаўленым міліцыянтамі відэазапісе Дмухоўскага не было.
7 чэрвеня суддзя Наталля Козел, зачытала рашэнне, спаслаўшыся толькі на паказанні міліцыянтаў, і на гэтай падставе вынесла прысуд.
Як раней паведамляў сайт charter97.org, пікет супраць увядзення ў школе № 36 з польскай мовай навучання расейскамоўных класаў прайшоў у Гродне ў 1 чэрвеня. На акцыі былі затрыманыя каля 20 чалавек. Восем з іх ужо асудзілі. Ігар Банцар атрымаў 13 сутак арышту, астатнія аштрафаваныя ад аднаго да пяці мільёнаў.