«Коммерсант»: Лукашэнку з Еўразвязам і пагаварыць няма аб чым
- 10.07.2012, 10:59
Беларусь выйшла з праграмы «Дыялог у імя мадэрнізацыі», ініцыяванай Еўразвязам паўгады таму.
Іншых сумесных праграм па ўзаемадзеянню паміж Менскам і Бруселем больш не засталося. Незалежныя эксперты ў Менску лічаць, што будаваць жорсткую лінію ў дачыненні да ЕЗ Аляксандру Лукашэнку дазваляе толькі разлік на падтрымку Масквы, аднак такія паводзіны могуць дорага абысціся беларускаму кіраўніку, піша «Коммерсант».
Аб адмове Менска ад супрацоўніцтва з ЕЗ у рамках праграмы «Дыялог у імя мадэрнізацыі» абвясціў амбасадар Беларусі ў Бельгіі і адначасова сталы прадстаўнік пры Еўразвязе Андрэй Еўдачэнка. Ён патлумачыў гэта тым, што беларускі бок лічыць непрымальнымі ўмовы распрацоўкі праграмы. Паводле слоў дыпламата, «Еўразвяз парушыў ўмовы па сумеснай з Беларуссю падрыхтоўцы гэтай праграмы». «Другой умовай было тое, што гэтая праграма будзе накіравана на ворганы дзяржкіравання Беларусі і на ўсё беларускае грамадства», - нагадаў ён, аднак «ні адна з гэтых опцый не была выканана Еўразвязам». «Беларускі бок быў не толькі не запрошаны да распрацоўкі праграмы, але і дзяржорганы былі ўнесены ў яе па рэшткавым прынцыпе», - панаракаў Андрэй Еўдачэнка, папярэдзіўшы, што надалей Менск мае намер працаваць у рамках толькі тых праграм, якія будуць сумесна распрацоўвацца і ўзгадняцца.
«Дыялог у імя мадэрнізацыі» быў трэцяй праграмай Еўразвяза, прапанаванай Беларусі. Дзве першыя спасцігла тая ж доля. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года быў фактычна замарожаны ўдзел Менска ў праграме «Усходняе партнёрства», якая ставіць мэтай збліжэнне ЕЗ з шэрагам былых савецкіх рэспублік. У 2011 годзе Беларусь апынулася і па-за праграмай «Еўранэст» - дарадчага органа краін-удзельнікаў «Усходняга партнёрства», які фарміруецца з дэпутатаў гэтых краін. Справа ў тым, што Еўразвяз не прызнае легітымнасць беларускага «парламента», выбары ў які, паводле адзнак незалежных назіральнікаў, былі фальсіфікаваныя. Таму Брусель прапанаваў Менску фармат, згодна з якім у працы «Еўранэста» прымуць удзел як «дэпутаты» беларускага «парламента», так і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. Але для афіцыйнага Менска гэта аказалася непрымальна.
Цяперашні праект быў прапанаваны Еўразвязам у канцы сакавіка. Меркавалася, што ён стане пачаткам новай хвалі пацяплення паміж ЕЗ і Беларуссю. Тады беларускія ўлады, па дадзеных апазіцыйных крыніц, запэўнівалі еўрапейцаў у тым, што ў бліжэйшы час маюць намер вызваліць усіх палітвязняў. Беларускі аналітык Аляксандр Класкоўскі кажа, што «Дыялог у імя мадэрнізацыі» быў пернікам, працягнутым Бруселем Менску, «але беларускі бок абраў позу «на злосць маме адмарожу вушы». Паводле слоў эксперта, пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года Аляксандр Лукашэнка да любой заходняй ініцыятывы, якая мае нейкае стаўленне да беларускай апазіцыі, ставіцца як да спробы свайго звяржэння.
Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька патлумачыў «Коммерсанту», што згорнуты праект першапачаткова прадугледжваў сумесны ўдзел прадстаўнікоў беларускай улады і грамадзянскай супольнасці. На яго думку, цяперашняя фаза ў расейска-беларускіх адносінах, калі Масква аднавіла практыку фінансавання беларускага рэжыму, надае Лукашэнку ўпэўненасці ў дыялогу з ЕЗ. Аднак апазіцыянер перакананы, што такія паводзіны могуць дорага абысціся беларускаму лідэру. «Лукашэнка меў звычку шантажаваць Маскву тым, што, калі яму не дадуць танныя энергарэсурсы і крэдыты, ён ўцячэ на Захад, - растлумачыў суразмоўца. - Зараз жа справа можа скончыцца тым, што, калі ён яшчэ раз прыбяжыць у Крэмль і пачне пагражаць такой перспектывай , рогат расейцаў пачуюць і за крамлёўскімі сценамі».