Паляванне на бюлетэні «За справядлівыя выбары»
- 12.07.2012, 14:54
Гарадзенскія актывісты партыі «Справядлівы свет» Павел Станеўскі і Віктар Міхальчык 11 ліпеня везлі ў машыне бюлетэні кампаніі «За справядлівыя выбары».
На тэрыторыі Дзяржынскага раёна аўтамабіль дагнала машына ДАІ.
Супрацоўнік дарожнай аўтаінспекцыі сказаў, што нібы гэта машына была заўважана каля дома, які абакралі, і запатрабаваў адкрыць багажнік. Убачыўшы там друкаваную прадукцыю, міліцыянт стаў з кімсці размаўляць па тэлефоне, пасля чаго паведаміў, што павінны прыехаць спецыялісты. Чакаць іх давялося каля гадзіны, перадае ПЦ «Вясна».
«Спецыялісты», якія прыбылі, узялі ў Міхальчыка і Станеўскага тлумачэнні, пералічылі пры панятых друкаваныя матэрыялы. Пасля гэтага затрыманых актывістаў даставілі ў Фаніпаль. Там Міхальчыку і Станеўскаму паведамілі, што начальнік Дзяржынскага РАУС загадаў даставіць іх у Дзяржынск. Прытым машыну пагражалі загнаць на штрафстаянку. Нарэшце, па загадзе начальніка РАУС, так і здарылася - аўтамабіль загналі на штрафстаянку для высвятлення абставінаў. Даішнік, праверыўшы нумар кузава аўтамабіля, сказаў, што замест літары «V» бачыць літару «О». Віктар Міхальчык і Павел Станеўскі збіраюцца абскардзіць такія абсурдныя і незаконныя дзеянні дзяржынскай міліцыі.