BE RU EN

У Менску ходзяць аўтобусы, напоўненыя сернымі парамі?

  • 13.07.2012, 9:21

Пасажыры аднаго з менскіх аўтобусаў ледзь не задыхнуліся ад з'едлівых пароў.

У рэдакцыю «Нашай Нiвы» даслала ліст пацярпелая чытачка:

У 17:34 мы селі на аўтобус № 73, дзярж. нумар КН-1526 на прыпынку «Ст.м. Няміга».

І адразу ж адчулі непрыемнае казытанне ў горле і носе. Яшчэ да пачатку руху мы пачалі кашляць і чхаць. Увесь аўтобус кашляў без перапынку, спрабаваў дыхаць праз вопратку. Адразу стала зразумела, што прычына гэтага не выхлапныя газы аўтобуса, што часам трапляюць у салон. Гэта было нешта з'едлівае. Магчыма, з-за няспраўнасці акумулятара салон быў напоўнены парамі сернай кіслаты.

У 17:40 мы выйшлі на прыпынку «вул. Маскоўская », але гэтых 6 хвілін хапіла, каб горла балела да самага вечара.

Падчас высадкі мы, пасажыры, звярнулі ўвагу кіроўцы на тое, што ў салоне немагчыма знаходзіцца з-за пароў кіслаты, але ён адказаў, што ён ведае, але такую машыну выпусціў на маршрут КУП «Менсктранс». Аўтобус паехаў далей, цалкам запоўнены пасажырамі, многія з якіх напэўна ўжо аплацілі праезд з дапамогай праязных і квіткоў, а ў выніку атрымалі не «якасць транспартных паслуг», а душагубку.

Калі прыехала дадому, я паспрабавала напісаць скаргу на сайце minsktrans.by, але не змагла гэта зрабіць. Пры спробе адправіць тэкст сайт выдае памылку, маўляў «перавышана дапушчальная колькасць знакаў», хоць з магчымых 2000, тэкст утрымліваў толькі 1583.

Прашу надрукаваць мой ліст у вашай газеце, каб людзі ведалі, за якія паслугі часам яны плацяць».

Апошнія навіны