Чыноўнікам Менгарвыканкама закон не пісаны (Фота)
- 16.07.2012, 12:36
Гісторыкі паказваюць на парушэнні законаў у праекце будаўніцтва турэцкага гатэля ў цэнтры Менска.
Турэцкі інвестар збіраецца ўзвесці 16-павярховы гатэль на скрыжаванні вул. Валадарскага і Гарадскога Вала. Перадпраектныя эскізы гэтага будынка размясціла нядаўна на сваім сайце «Творчая майстэрня-7», нагадвае onliner.by. Дарэчы, адразу пасля распаўсюджвання гэтай інфармацыі незалежнымі СМІ, яна была ўбрана з сайта. Пратэст будаўніцтву адразу выказалі мясцовыя жыхары. Яны лічаць, што іх ставяць у вядомасць у самую апошнюю чаргу (грамадскае абмеркаванне праекта яшчэ не праводзілася). Не засталося ў баку і Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Яго старшыня Антон Астаповіч накіраваў прэтэнзію ў Адміністрацыю Маскоўскага раёна Менска.
«Ужо на дадзеным этапе праектавання парушаны артыкул 29 Закона «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь», які забараняе распрацоўку горадабудаўнічай і землеўпарадкавальнай дакументацыі без нанясення ўстаноўленых зон аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей, - піша Антон Астаповіч. - А тут і мяжа гістарычнага цэнтра, і будынкі на Валадарскага, 1, якія маюць статус помнікаў, але не маюць устаноўленых зон аховы».
Адміністрацыя раёна падрыхтавала афіцыйны адказ: «ЗТАА «АРАС ІНВЕСТ» праінфармавана наконт неабходнасці ўстанаўлення зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці на вул. Валадарскага, 1 пасля заключэння інвестыцыйнага пагаднення, - цытуем ліст. - Інвестыцыйнае пагадненне ЗТАА «АРАС ІНВЕСТ» з Менгарвыканкамам зараз знаходзіцца на стадыі распрацоўкі. Пасля яго падпісання будзе прынята рашэнне Менгарвыканкама аб дазволе на праектаванне аб'екта, а таксама будзе ўзгоднены генпраекціроўшчык. Грамадскае абмеркаванне аб'екта магчыма толькі пасля заканчэння праектных работ».
Антон Астаповіч здзіўляецца: «Самае цікавае, што грамадскае абмеркаванне, па версіі нашых бюракратаў, трэба праводзіць, калі праект гатовы. Калі ўкладзены мільярды, калі гатовы ўсе раздзелы праекта, калі яго ўжо немагчыма спыніць, нам прапануюць сабрацца, пагаварыць без усялякіх вынікаў ... »
Нагадаем, у складзе гасцінічнага комплексу запраектаваны кафэ-бар з летняй тэрасай, SPA-цэнтр, начны клуб і казіно. Два падземных паверха адведзены пад гараж-стаянку на 78 машына-месцаў.