Пажар на заводзе «Аграпраммаш» у Менску (Фота)
- 16.07.2012, 17:07
На заводзе загарэлася фарбавальная камера.
«Штук пяць пажарных машын рознага памеру бачыў у раёне Глаголева, - паведаміў на «Гарачую лінію» TUT.BY чытач Яўген. - Там знаходзіцца нейкі завод, напэўна, пажар там. На вучэнні не падобна - вельмі хутка ехалі!»
TUT.BY звязаўся з памочнікам начальніка Менскага гарадскога ўпраўлення МНС Віталём Дэмбоўскім. Ён пацвердзіў інфармацыю чытача.
«Сёння ў 13:03 на лінію 101 ад рабочага прадпрыемства паступіла паведамленне аб пажары ў рамонтна-механічным цэху адкрытага акцыянернага таварыства «Менскі завод «Аграпраммаш» па вул. Глаголева, 39а, - паведаміў В.Дэмбоўскі. - Ужо праз 2 хвіліны на месца прыбылі першыя разлікі ратавальнікаў. На даху фарбавальнай камеры ў гэты час бушавала полымя.
У ходзе выведкі ўстаноўлена, што на даху фарбавальнай камеры, прыбудаванай да рамонтна-механічнага цэху, адбылося загаранне. Яго плошча склала 25 квадратных метраў. Таксама загарэліся адкладанні пылу і фарбы ў паветраным ачышчальным фільтры (памерам 1х3 метра) самой фарбавальнай камеры. Сіламі ратавальнікаў загаранне было ліквідавана. Пры гэтым тэхналагічны працэс у рамонтна-механічным цэху не спыняўся. Пацярпелых няма, эвакуацыя не праводзілася.
Прычыну загарання сталічным выратавальнікам яшчэ толькі трэба будзе ўстанавіць афіцыйна. Аднак папярэдняя версія ўжо ёсць - гэта парушэнне супрацьпажарных патрабаванняў пры правядзенні агнявых работ.