Фюле заявіў аб пераломным моманце ў адносінах ЕЗ з суседзямі
- 18.07.2012, 10:39
ЕЗ у цяперашні час лепш падрыхтаваны для ўстанаўлення сувязяў з кожным партнёрам у адпаведнасці з яго імкненнямі, патрэбамі і магчымасцямі.
Пра гэта заявіў еўракамісар па пытаннях пашырэння і еўрапейскай палітыке добрасуседства Штэфан Фюле у інтэрв'ю інфацэнтру Еўрапейскай палітыкі суседства ў сувязі з выпускам Еўракамісіяй апошняга даклада аб прагрэсе ў гэтай палітыке.
«ЕЗ быў хуткі і рашучы ва ўстанаўленні падстаў новай Еўрапейскай палітыкі суседства», а таксама «у рэакцыі на гістарычныя падзеі на Паўднёвым Міжземнамор'і», - адзначыў еўракамісар праз год пасля запуску абноўленай Еўрапейскай палітыкі суседства.
Паводле яго слоў, Еўрапейскі Звяз у цяперашні час лепш падрыхтаваны для ўстанаўлення сувязяў з кожным партнёрам, піша БелаПАН.
Нагадаем, Беларусь удзельнічае ў праграме ЕЗ «Усходняе партнёрства», якая арыентавана таксама на Азербайджан, Арменію, Грузію, Малдову і Украіну.
Усходняе партнёрства не прадугледжвае магчымасці ўдзелу ў ЕЗ, але прадугледжвае палітычнае і эканамічнае збліжэнне з гэтай рэгіянальнай арганізацыяй, у тым ліку палягчэнне візавага рэжыму і супрацоўніцтва ў сферы энергетыкі.