Амбасадар Ізраіля праз паўгады заўважыў палітвязняў у Беларусі
- 18.07.2012, 15:12
Ізраіль адсочвае сітуацыю з правамі чалавека і палітвязнямі ў Беларусі.
Пра гэта заявіў на прэс-канферэнцыі ў Менску кіраўнік аддзела Еўразіі ізраільскага МЗС Яакаў Ліўне, піша БелаПАН.
«Мы сочым за гэтай праблемай, абмяркоўваем яе пры сустрэчах як з беларускімі, так і еўрапейскімі і амерыканскімі калегамі», - сказаў ён.
«Мы стараемся абмяркоўваць гэтую праблему пры зачыненых дзвярах, а не ў прэсе», - падкрэсліў ён.
«Трэба разумець, што Ізраіль не з'яўляецца цэнтральным гульцом у гэтай сферы. Мы добра ведаем пазіцыі Еўропы, ЗША па гэтым пытанні і, вядома, прыслухоўваемся да іх», - заявіў Ліўне.
Ён таксама адзначыў, што палітычны дыялог паміж Беларуссю і Ізраілем «за апошнія гады стаў больш частым, стала больш добрае разуменне паміж краінамі».
Амбасадар Ізраіля ў Беларусі Іосіф Шагал паведаміў, што краіны «падтрымліваюць вельмі добры дыялог, дзе закранаюцца і гэтыя пытанні (правоў чалавека, палітвязняў. - БелаПАН.)».
Пры гэтым ён падкрэсліў, што «ёсць шмат рэчаў, пра якія казаць адкрыта няма сэнсу толькі па адной прычыне, - каб не нанесці шкоду працэсам, якія намеціліся і ажыццяўляюцца сёння».
Нагадаем, як раней паведамляў сайт charter97.org, 15 лютага на сваёй першай прэс-канферэнцыі ў Менску новы амбасадар Ізраіля Іосіф Шагал заявіў, што не ведае аб наяўнасці ў Беларусі палітвязняў.
«Я - грамадзянін Ізраіля, у нас няма палітвязняў. Што датычыцца Беларусі, то я не ведаю, мне трэба пачытаць газеты. Праз паўгады я адкажу на ваша пытанне, - сказаў амбасадар. - Я журналіст і выдатна ведаю, як пішуцца артыкулы. Вы самі бывалі ў лагерах для палітвязняў?»