BE RU EN

Новую «палатку» не пусцяць у Еўранэст

  • 19.07.2012, 9:53

Еўрапейскія парламентарыі не вераць, што «выбары» у Беларусі будуць прызнаныя АБСЕ.

Як паведаміла «Еўрарадыё» крыніца ў кіраўніцтве Еўрапарламента, веры ў тое, што новы беларускі «парламент» будзе прызнаны легітымным, у іх практычна няма. Ужо сам пачатак выбарчай кампаніі і падзеі вакол яе выклікаюць сумневы ў тым, што выбары будуць прызнаныя ў БДІПЧ АБСЕ свабоднымі і сумленнымі. А гэта азначае, што і новыя «дэпутаты» не змогуць прадстаўляць Беларусь падчас працы Еўранеста - спецыяльнай пляцоўкі Парламенцкай асамблеі.

«Адносіны Еўранеста і новага беларускага парламента будуць дакладна такімі ж, як і ў БДІПЧ АБСЕ. А гэта азначае, што парламентарыі не будуць удзельнічаць у пасяджэннях Еўранеста, супрацоўніцтва будзе толькі з рабочай групай Еўранэст. Адначасова будзе праходзіць праца з грамадзянскай супольнасцю, з палітычнымі актывістамі. Прадстаўнікі ўрада будуць запрашацца на будучыя сустрэчы, але адносіны будуць знаходзіцца на вельмі нізкім узроўн », - сказаў прадстаўнік Еўрапарламента.

Нагадаем, Еўранэст - спецыяльная пляцоўка Парламенцкай асамблеі, створаная ў рамках праграмы «Усходняе партнёрства». Меркавалася, што ў працы Еўранэст будуць удзельнічаць 60 еўрадэпутатаў і па 10 парламентарыяў ад краін-партнёраў - Украіны, Арменіі, Малдовы, Грузіі, Азербайджана і Беларусі. Першае пасяджэнне прайшло 3 траўня 2011 года без прадстаўнікоў Беларусі. Аднагалоснае рашэнне не запрашаць беларускіх дэпутатаў у сувязі нелегітымнасцю «парламента» і парушэннямі правоў чалавека ў краіне было прынята ў лютым таго ж года Канферэнцыяй старшыняў палітычных фракцый Еўрапарламента.

Апошнія навіны