«Белавія» затрымлівае вылет чартэрных рэйсаў у Бургас
- 19.07.2012, 10:16
Нацыянальная авіякампанія «Белавія» папярэджвае аб затрымке запланаваных на чацвер чартэрных рэйсаў у балгарскі Бургас.
«Рэйсы затрымліваюцца да 18 гадзін, аэрапорт Бургас нас папярэдзіў аб тым, што ён закрыты», - заявіў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» намеснік генеральнага дырэктара НАК «Белавія» Ігар Чаргінец.
«У бліжэйшы час мы падрыхтуем і размесцім інфармацыю аб тым, як мы будзем выконваць гэтыя рэйсы», - адзначыў намеснік гендырэктара «Белавія».
Як паведамлялася, у сераду ў аэрапорце балгарскага горада Бургас прагрымеў выбух у аўтобусе з ізраільскімі турыстамі. У ізраільскім МЗС заявілі, што ў выніку тэракта загінулі восем чалавек, шасцёра з іх - грамадзяне Ізраіля. Мясцовыя СМІ адзначаюць, што двое загінулых былі грамадзянамі Балгарыі. Па апошніх дадзеных, раненні атрымалі 32 чалавекі.