Прэм'ер Літвы: Прапагандысцкія атакі Беларусі здзіўляюць
- 19.07.2012, 10:31
Літву здзіўляюць заявы Беларусі аб затрыманых выведніках, якія нібыта шпіёнілі для Літвы.
Пра гэта ў чацвер сказаў прэм'ер Літвы Андрус Кубілюс. Такія крокі Менска прэм'ер назваў прапагандысцкімі атакамі.
«Гэтыя прапагандысцкія атакі нас крыху здзіўляюць, але мы не збіраемся рэагаваць на іх такімі ж метадамі», - сказаў у інтэрв'ю радыёстанцыі Žinių radijаs Кубілюс, піша BNS.
Нагадаем, КДБ Беларусі заявіў, што затрыманы беларускімі спецслужбамі «літоўскі шпіён» з'яўляецца былым ваеннаслужачым Беларусі, які пражываў з сям'ёй у прыгарадзе Вільнюса.
МЗС Літвы назваў гэта інсінуацыяй спецслужбаў суседняй краіны, якая не садзейнічае паляпшэнню двухбаковых адносін паміж Літвой і Беларуссю. У Мінабароны Літвы адзначылі, што не каментуюць выведвальныя і контрвыведвальныя аперацыі.
Гаворачы аб адносінах паміж ЕЗ і Беларуссю, прэм'ер сцвярджаў, што ЕЗ неабходна эфектыўная палітыка ў адносінах да ўсіх усходніх суседзяў.
«Мы ажыццяўляем агульную палітыку ЕЗ, узгодненую палітыку ў дачыненні да Беларусі. Еўропа імкнецца дапамагчы Беларусі стаць дэмакратычнай краінай, якая паважае правы чалавека, а як гэтага дасягнуць - гэта пытанні тактыкі, па якіх мы вядзем актыўныя дыскусіі», - сказаў прэм'ер.
«Мы хацелі б бачыць адзіную палітыку ЕЗ, і не толькі ў дачыненні да Беларусі, але і ў дачыненні да ўсяго рэгіёну ўсходняга суседства. Я лічу, што ключ да вырашэння праблем Беларусі, да таго, як дапамагчы ёй стаць больш дэмакратычнай краінай, варта шукаць у адносінах не толькі з самой Беларуссю, але і з больш шырокім рэгіёнам», - сказаў Кубілюс.
«Калі ЕЗ атрымаецца ажыццявіць эфектыўную, энергічную, дынамічную палітыку, якая мае ясны стратэгічны інтарэс, у дачыненні да ўсяго рэгіёну ўсходняга суседства, дапамагаючы такім краінам, як Малдова, Украіна, паўднёва-каўказскія краіны, інтэгравацца з ЕЗ нашмат хутчэй і эфектыўней, на гэтым шляху з'явіцца нашмат больш магчымасцяў дапамагчы Беларусі», - сказаў прэм'ер.