BE RU EN

У СІЗА КДБ зноў не прынялі перадачу для Антона Сурапіна

  • 19.07.2012, 11:46

У следчым ізалятары КДБ не прынялі перадачу для фатографа Антона Сурапіна, затрыманага па справе аб «плюшавым бамбаванні».

Пра гэта паведаміла БелаПАН яго маці Алена Сурапіна.

Паводле яе слоў, яна не змагла перадаць сыну перадачу 17 ліпеня. «Тады ў КДБ мне сказалі, што перадачы прымаюць па пэўных днях, і 17-е - дзень непрыёмны. Я пакінула перадачу сябрам Антона і паехала дадому, у Слуцк. 18 ліпеня яны спрабавалі перадаць перадачу, аднак ім заявілі, што прымаюць яе толькі ад блізкіх сваякоў. Калі не атрымаецца перадаць перадачу і сёння, то мне прыйдзецца зноў ехаць у Менск», - распавяла Алена Сурапіна.

Яна таксама паведаміла, што адвакат мае намер наведаць Сурапіна «сёння ці заўтра». «Пакуль адвакат не быў у Антона, мне не тэлефанаваў, навін ніякіх няма», - сказала Алена Сурапіна.

20-гадовы студэнт Інстытута журналістыкі БДУ, які першым размясціў на сваім сайце Belarusian News Photos фатаграфіі плюшавых мядзведзяў, скінутых 4 ліпеня са шведскага самалёта над Івянцом і Менскам, быў затрыманы 13 ліпеня. У дачыненні да Антона ўзбуджаная крымінальная справа, ён падазраецца ў дапамаганні незаконнаму перасячэнню мяжы. Сурапіну пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі. Фатограф сцвярджае, што здымкі плюшавых медзведзянятаў яму даслаў па электроннай пошце невядомы чалавек.

Да 23 ліпеня яму павінна быць прад'яўлена абвінавачванне.

17 ліпеня арганізатары «плюшавага дэсанта», прадстаўнікі шведскай піяр-кампаніі Studio Total, заявілі аб недатычнасці да акцыі беларускага фатографа Антона Сурапіна.

Варта адзначыць, што афіцыйны Менск спачатку адмаўляў факт парушэння замежным самалётам паветранай прасторы Беларусі. Пасля гэтага арганізатары акцыі размясцілі ў інтэрнэце відэазапіс свайго палёту над Беларуссю, а затым выступілі з заявамі аб тым, што пры падрыхтоўке да акцыі яны не кантактавалі ні з кім з беларусаў.

Гэтая гісторыя атрымала шырокі грамадскі рэзананс і дала падставу сумнявацца ў баяздольнасці беларускай СПА. У цяперашні час камісія прэзідэнта праводзіць праверку ўсіх злучэнняў і воінскіх часцей Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны.

Апошнія навіны