Арыштаваны «палатачнік» просіцца на волю
- 19.07.2012, 15:06
Экс-начальнік cакратарыята «савета рэспублікі» Бедрыцкі просіць у Лукашэнкі вызваліць яго ад крымінальнай адказнасці.
Паводле звестак БелаПАН, былы начальнік сакратарыята «савета рэспублікі» Глеб Бедрыцкі звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з замовай аб вызваленні ад крымінальнай адказнасці.
Такая магчымасць прадугледжана заканадаўствам, у прыватнасці артыкуламі 88 і 88-1 Крымінальнага кодэкса. Першая прадугледжвае вызваленне ад крымінальнай адказнасці ў сувязі з дзейным раскаяннем, другая - у сувязі з добраахвотным вяртаннем прычыненага ўрону (шкоды).
У цяперашні час матэрыялы крымінальнай справы ў дачыненні да буйнога чыноўніка знаходзяцца ў Генеральнай пракуратуры і рыхтуюцца для перадачы ў суд. Гэта можа адбыцца ў бліжэйшы час. У Генпракуратуру са Следчага камітэта матэрыялы паступілі яшчэ 2 траўня.
Бедрыцкі, які быў затрыманы праваахоўнымі органамі ў канцы кастрычніка мінулага года, абвінавачваецца ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі і ў злоўжыванні службовым становішчам.
Глеб Бедрыцкі нарадзіўся 27 студзеня 1974 года ў Наваполацку Віцебскай вобласці. У 1996 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную палітэхнічную акадэмію па спецыяльнасці «прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва», у 2000-м - Акадэмію кіравання пры прэзідэнце па спецыяльнасці «сусветная эканоміка і міжнародныя эканамічныя адносіны». Працаваў у Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва, амбасадзе Беларусі ў Германіі, апараце Савета міністраў. Пасаду начальніка сакратарыята «савета рэспублікі» заняў у верасні 2003 года. Узнагароджаны ганаровай граматай «нацыянальнага сходу».