BE RU EN

Варыянты назваў вуліц у Слоніме: адзін прыгажэй другога

  • 20.07.2012, 10:23

Гараджане супраць таго, каб іх вуліцы нагадвалі аб савецкім мінулым.

Спробу спыніць абязлічванне нашых гарадоў і замоўчванне айчыннай гісторыі нават з дапамогай назвы вуліц распачаў слонімскі краязнаўца і публіцыст Сяргей Чыгрын. Ён накіраваў на імя старшыні Слонімскага выканкама Сяргея Юшкевіча зварот называць вуліцы і плошчы ў гонар вядомых людзей зямлі слонімскай. А ўся справа ў тым, што ў горадзе з'явілася новая вуліца шматпавярховак, і краязнаўца у сваім лісце прапанаваў назваць яе ў гонар земляка, вядомага беларускага паэта Анатоля Іверса, піша «Комсомольская правда в Беларуси».

- Я на 99 адсоткаў упэўнены, што так вуліцу не назавуць. Але адзін адсотак пакідаю на нейкі розум звыш. Ну чаму трэба называць вуліцу 10 ліпеня, або 8 Сакавіка, або 1 траўня, або 17 верасня? Чыноўнікі што, збіраюцца перабраць увесь каляндар? Ці не лепш не ўступаць у нейкі канфлікт з жыхарамі горада, якія ведаюць літаратараў Яўгена Хлебцэвіча, Сяргея Дарожнага, Кандрата Ляйко, кампазітара Антона Валынчыка, - кажа Сяргей Чыгрын.

Між іншым, супраць назвы вуліцы «10 ліпеня» - Дзень вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў - выступаюць і жыхары новабудоўляў. Яны пішуць лісты і тэлефануюць у рэдакцыі двух мясцовых газет і прапаноўваюць назваць вуліцу ў гонар Ефрасінні Полацкай або, у крайнім выпадку, Крынічнай. Але толькі не так, як прапануе мясцовая ўлада.

Пасля пасяджэння тапанімічнай камісіі райвыканкама, якое адбудзецца ў бліжэйшыя дні, стане вядома, ці спраўдзяцца 1- адсоткавыя чаканні мясцовага краязнаўцы...

Апошнія навіны