Пенсіянерам прапануюць выжываць на $73 у месяц
- 20.07.2012, 11:26
У Беларусі ў чэрвені бягучага года сярэдні памер пенсій склаў 1 млн 415,2 тыс. рублёў.
У адпаведнасці з пастановай Савета міністраў бюджэт пражытачнага мінімуму для пенсіянераў у коштах сакавіка 2012 года ў разліку на адзін месяц на перыяд з 1 траўня па 31 ліпеня складае 610,4 тыс. рублёў, паведамляе БелТА.
Паводле ацэнак спецыялістаў, структура бюджэту пражытачнага мінімуму з 610000 рублёў прыкладна наступная: прадукты харчавання - 56,4% (для пенсіянераў выходзіць каля 340 000 рублёў у месяц), плата за карыстанне жылым памяшканнем і камунальныя паслугі - 7,6% (46.000 рублёў - цікава, што гэта за жыллё, якое абыходзіцца ў такую суму і дзе яно знаходзіцца - зямлянка ў лесе? - заўв. БП)), прадметы гардэроба - 22,1% (135 000 рублёў), тавары бытавога і гаспадарчага прызначэння - 5 % (30 500 рублёў), прадметы першай неабходнасці, санітарыі і лекі - 2,7% (16 500 рублёў), бытавыя і транспартныя паслугі - 5% (16 500 рублёў - 11 талончыкаў на праезд у сталічным транспарце!) узносы і плацяжы - 1,2% (7300 рублёў).
Паводле аператыўных статыстычных дадзеных, сярэдні памер пенсій па ўзросту ў чэрвені бягучага года быў роўны 1 млн 472,7 тыс., па інваліднасці - 1 млн. 292,9 тыс., па прычыне страты карміцеля - 925,5 тыс., сацыяльных пенсій - 689, 2 тыс.
Рэальны памер прызначаных пенсій (пенсій, разлічаных з улікам змянення індэкса спажывецкіх цэн на тавары і паслугі) у чэрвені 2012 года ў параўнанні з чэрвенем 2011-га павялічыўся на 25%, у параўнанні з траўнем 2012-га - зменшыўся на 1,8%.
У органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Беларусі ў чэрвені гэтага года на ўліку знаходзіліся 2 млн 498,1 тыс. пенсіянераў.