BE RU EN

Антон Сурапін нарэшце атрымаў першую перадачу

  • 20.07.2012, 13:16

З трэцяга разу ў Алены Сурапінай нарэшце прынялі перадачу для яе сына.

Раніцай 20 ліпеня ў маці Антона, якая сёння прыехала ў Менск са Слуцка, нарэшце прынялі перадачу для затрыманага фатографа, паведамляе прэс-служба БАЖ.

Нагадаем, што дзве папярэднія спробы былі беспаспяховымі - у аўторак у КДБ сказалі, што ў іх «непрыёмны дзень», а ў сераду заявілі, што возьмуць перадачу толькі ад блізкіх сваякоў (маці на той момант вярнулася ў Слуцк і папрасіла сяброў перадаць пакет замест яе).

Нагадаем, што 20-гадовага Антона Сурапіна, студэнта 4 курса Інстытута журналістыкі БДУ, затрымалі раніцай 13 ліпеня пасля ператрусу ў яго кватэры. У той жа вечар следчы КДБ паведаміў Алене Сурапінай, што яе сына затрымалі на 72 гадзіны. Антон Сурапін першы размясціў на сваім сайце bnp.by фотаздымкі «плюшавага дэсанта» і таму падазраецца ў дапамаганні незаконнаму перасячэнню мяжы. Фотажурналісту пагражае да 7 гадоў турмы.

У панядзелак Антону Сурапіну павінны альбо прад'явіць абвінавачванне, альбо адпусціць на волю. Сваякі і калегі журналіста спадзяюцца ў панядзелак сустрэцца з Антонам.

Апошнія навіны