Менчукі абураныя якасцю вады: «Чайнікі мяняем кожныя 3 месяцы!»
- 20.07.2012, 13:31
У частцы менскіх мікрараёнаў па-ранейшаму праблемы з вадой.
Гараджане стаміліся чакаць, пакуль горад перавядуць на падземныя крыніцы, і пішуць у інстанцыі калектыўныя скаргі. Толку ад гэтага ніякага: гарвыканкам працягвае сцвярджаць, што сталічная вада адпавядае ўсім нарматывам.
Аб чарговым канфлікце паведамляе «Вечерний Минск». Жыхары дома № 61 на вуліцы Есеніна сцвярджаюць, што вада, якую яны п'юць, не вытрымлівае крытыкі.
Такой вады, як у нас у Малінаўке, няма нідзе ў горадзе, - паскардзіліся людзі. - Піць яе немагчыма - хлараваная, з непрыемным густам. Чайнікі мяняем кожныя 3 месяцы. Розныя чыноўнікі неаднаразова абяцалі, што ў наш жылы раён дадуць нармальную ваду, але тэрміны пастаянна пераносяцца. Колькі яшчэ чакаць?
У УП «Менскводаканал» прызналі: прэтэнзіі з нагоды якасці пітной вады жыхары Маскоўскага і Фрунзенскага раёнаў, у якія яна падаецца з павярхоўнага водазабору, прад'яўляюць на працягу апошніх 5 гадоў. Пры гэтым вада праходзіць увесь вытворчы цыкл ачысткі, а абеззаражанне хлорам - абавязковы тэхналагічны прыём у складзе водападрыхтоўкі. Якасць вады эксперты ацанілі як неадпаведную санпінам. Хто б сумняваўся?
Як перадае БелаПАН, пра «поўную адпаведнасць» заявіла на днях і начальнік лабараторыі вытворчасці «Менскводапровад» УП «Менскводаканал» Наталля Грушнік. Адказваючы на пытанне аб дакладнасці вынікаў лабараторных аналізаў пітной вады, яна падкрэсліла: «На сённяшні дзень вада адпавядае патрабаванням санітарных правілаў і па мікрабіялагічных, і па хімічных, і па радыяцыйных паказчыках».
Цалкам перайсці на падземныя крыніцы водазабеспячэння Менск павінен да 2020 года. Але і гэта ўсяго толькі прыблізны тэрмін. Мяркуючы па ўсім, змяняць чайнікі жыхарам Малінаўкі прыйдзецца яшчэ доўга...