«Саюзкалій» спяшаецца атрымаць еўрапейскія крэдыты
- 20.07.2012, 16:12
Віцэ-прэм'еры Беларусі і Расеі даручылі прадставіць прапановы па стварэнні «Саюзкалія» да 1 верасня.
Ігар Шувалаў і Сяргей Румас даручылі канцэрну «Белнафтахім», Мінпромторга Расеі пры ўдзеле «Уралкалія» і «Беларуськалія» прадставіць прапановы па стварэнні сумеснага прадпрыемства «Саюзкалій» да 1 верасня 2012 года, паведаміла «Інтэрфаксу» крыніца ў адной з інтэграцыйных структур.
«Па выніках працоўнай сустрэчы віцэ-прэм'ераў дадзена адпаведнае пратакольнае даручэнне», - паведаміла крыніца.
Паводле яе слоў, «Саюзкалій» будзе зарэгістраваны ў Швейцарыі.
Як паведамляў раней першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка, Беларусь і Расея да канца 2012 г. - пачатку 2013 г. створаць і зарэгіструюць у Швейцарыі кампанію «Саюзкалій». Кампанія будзе створана на базе ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» (БКК) «Беларуськаліем» і «Уралкаліем», да яе пяройдуць функцыі БКК як эксклюзіўнага трэйдара абедзвюх кампаній.
Сямашка раней заяўляў, што галоўнай мэтай стварэння кампаніі «Саюзкалій» з'яўляецца доступ да танных крэдытных рэсурсаў і таксама да магчымасцяў, звязаных з ільготным падаткаабкладаннем.
«Беларуская калійная кампанія» заснавана ў красавіку 2005 года «Беларуськаліем» і «Уралкаліем» на парытэтнай аснове. У траўні 2008 года «Беларуськалій» перадаў дзяржпрадпрыемству «Беларуская чыгунка» 5% акцый БКК. Доля «Уралкалія» не змянілася і складае 50%.
БКК - найбуйнейшы экспарцёр калійных угнаенняў, доля паставак якіх на сусветны рынак складае 43%. Кампанія пастаўляе мінеральныя ўгнаенні больш чым у 70 краін свету і працягвае асвойваць новыя рынкі.
Рашэнне аб змене назвы і юрысдыкцыі БКК прынята на ўзроўні вышэйшага кіраўніцтва Беларусі і Расеі.