BE RU EN

Чачэнцы раз'язджалі па Менску на таніраваным аўто з мігалкай (Фота)

  • 23.07.2012, 10:38

ДАІ спыніла таніраваную чорную «Ладу Прыору», уладальнікі якой ехалі па горадзе з пробліскавым маячком на даху, 21 ліпеня на сталічнай вуліцы Леніна.

Як паведамляе TUT.BY, нумары ў «Лады» былі расейскімі - 95 рэгіёну (гэта Чачэнская Рэспубліка).

Паводле слоў відавочцаў, госці з Чачні паводзілі сябе з беларускім інспектарам вельмі спакойна і не спрабавалі пярэчыць супраць складання пратаколу. Апранутыя яны былі ў спартыўныя касцюмы з сімволікай алімпійскай зборнай Расеі.

У ДАІ Менска пакуль не змаглі афіцыйна пракаментаваць дадзены інцыдэнт, спаслаўшыся на выходны. Аднак нагадалі, што, у адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 439 «Аб зацвярджэнні Інструкцыі аб парадку выкарыстання транспартнымі сродкамі аператыўнага прызначэння спецыяльнай гукавой сігналізацыі» ад 4 красавіка 2011 года, выкарыстоўваць пробліскавыя маячкі (ці, як іх называюць у народзе, «мігалкі») могуць толькі зусім нешматлікія аўтамабілісты. Гэта кіроўцы аўтамабіляў «хуткай дапамогі», МУС, унутраных войскаў, МНС, мытні, Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце, кіроўцы аварыйных службаў, крыміналістычных лабараторый, ваеннай аўтаінспекцыі, памежнай службы, а таксама кіроўцы Дзяржаўнай фельд'егерскай службы. Акрамя таго, «мігалкамі» могуць карыстацца аўтамабілі з картэжаў вышэйшых службовых асоб дзяржавы.

Аднак, як атрымалася высветліць, у дачыненні да гасцей з Чачні складзеныя пратаколы за незаконную таніроўку і незаконнае выкарыстанне спецсігналаў, а дзяржаўны бюджэт Беларусі ў выніку іх візіту ў сталіцу будзе папоўнены чарговым штрафам. Паводле слоў даішнікаў, выпадак гэта выключна рэдкі - пік незаконнага выкарыстання «мігалак» у Беларусі прыпадаў на 90-я гады мінулага стагоддзя, а ў апошнія некалькі гадоў падобных выпадкаў і зусім не адзначалася.

Апошнія навіны