Прозвішчы членаў акруговай камісіі трымаюць у таямніцы
- 23.07.2012, 11:40
У Маларыце так і не апублікавалі спіс членаў акруговай камісіі.
Маларыцкая раённая газета «Голас часу» так і не апублікавала спісы членаў акруговай выбарчай камісіі Белавежскай выбарчай акругі № 8 у нумары за 18 ліпеня, як было абяцана члену гэтай камісіі ад Партыі БНФ Пятру Андрыевічу. Няма спісаў і ў нумары газеты за 21 ліпеня, піша ПЦ «Вясна».
У рэдакцыі палічылі патрэбным паведаміць толькі прозвішчы старшыні камісіі, яго намесніка і сакратара. Таксама напісалі пра тое, што з Маларыты членамі камісіі сталі Пётр Андрыевіч (ад Партыі БНФ) і Ніна Калыпская (шляхам збору подпісаў) - і больш ніякіх звестак.
Акрамя гэтага, як паведаміў жыхар горада Маларыта, юрыст-праваабаронца Уладзімір Малей, не былі надрукаваныя мяжы гэтай акругі.
На думку В. Малея, такое стаўленне да інфармавання аб ходзе выбарчай кампаніі сведчыць аб фармалізме ў дачыненні да «выбараў».
Нагадаем, што ў рэдакцыю выдання па заканчэнні 6 дзён пасля пасяджэння камісіі звярнуўся член камісіі Пётр Андрыевіч і спытаў, чаму няма спісу акруговай камісіі. Першапачаткова яго ўвялі ў зман, сказаўшы, што спіс надрукаваны. Пасля паўторнага званка было сказана, што надрукуюць у чарговым нумары. Аказалася, што толькі паабяцалі, хоць па выбарчым заканадаўстве для апублікавання спісу выбарчых камісій прадастаўляецца сямідзённы тэрмін. Ён скончыўся 16 ліпеня.