BE RU EN

Лайдакоў з цяперашняй «палаткі» працаўладкуюць

  • 23.07.2012, 16:08

Лукашэнка даручыў прасачыць, каб тыя «дэпутаты», якія не прайшлі ў новы «парламент», былі працаўладкаваны.

Рэспубліканскі бюджэт на 2013 год прыме цяперашні склад «палаты прадстаўнікоў». Аб гэтым заявіў прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з рабочым дакладам спікера беларускага «парламента» Уладзіміра Андрэйчанку. Гаворка ішла і аб пераемнасці вопыту работы ў заканатворчасці і працаўладкаванні «парламентарыяў» пасля заканчэння працы склікання, піша onliner.by.

«Трэба, каб цяперашнія «дэпутаты»- гэта дасведчаныя людзі, у курсе ўсіх пытанняў - прынялі бюджэт і асноўныя напрамкі развіцця, таму што без іх немагчыма праца, арганізацыя працы на будучы год. Каб была пераемнасць, мы павінны ўсяляк імкнуцца захаваць з цяперашняга «парламента» трэць дэпутатаў, але большасць усё роўна павінны быць працаўладкаваны», - заўважыў Лукашэнка.

«Мы даўно дамовіліся, што «парламент»- гэта школа. І людзі, якія прайшлі гэтую школу, - ужо занадта шмат дзяржава на гэта затраціла - не павінны быць страчаныя. У мяне няма фактычных прэтэнзій ні да аднаго з дэпутатаў. Таму адміністрацыі даручэнні дадзены паглядзець, дзе будуць працаўладкаваны гэтыя дэпутаты. Стабільнасць у гэтых адносінах, прадказальнасць і павага да «дэпутацкага» корпусу павінны быць непахісныя», - упэўнены дыктатар.

Цяперашнія «парламентарыі» прынялі 429 законапраектаў. Старшыня «палаты прадстаўнікоў» даў справаздачу па выніках працы «дэпутатаў» цяперашняга склікання. Ратыфікавалі 225 законаў міжнароднага ўзроўню, у тым ліку 60 па Мытным саюзе і 17 па фарміраванню Адзінай эканамічнай прасторы. Пры гэтым «палатачнікі» ініцыявалі прыняцце ўсяго аднаго закона.

Апошнія навіны