Шчырасць «менпраўдаўцаў» падкупляе
- 23.07.2012, 16:50
Сайт charter97.org знайшоў звышпацешнае прызнанне ў галоўнай «вертыкальнай» газеце Менскай вобласці.
Рэдакцыя паведаміла аб тым, што падпіска на «Менскую праўду» па выніках першага паўгоддзя павялічылася.
У гэтым «менпраўдаўцы» - менавіта так падпісана інфармацыя - бачаць ацэнку сваёй працы. І адначасова прызнаюць, што без падтрымкі «галоўных памочнікаў» - аддзелаў ідэалагічнай працы райвыканкамаў - гэтая ацэнка магла быць значна ніжэй.
«Значны ўклад у павелічэнне падпіснога тыражу газеты, - з прываблівай шчырасцю пішуць «мінпраўдаўцы», - унеслі супрацоўнікі аддзелаў ідэалагічнай працы Салігорскага, Барысаўскага, Пухавіцкага і Маладзечанскага райвыканкамаў».
Стала быць, менавіта яны «імем рэвалюцыі» прымушаюць ідэолагаў прадпрыемстваў, а тыя ў сваю чаргу работнікаў прадпрыемстваў, выпісваць выданне, якое відавочна не карыстаецца ажыятажным попытам. За гэта «галоўныя памочнікі» атрымаюць каштоўныя падарункі. Наколькі каштоўныя, «менпраўдаўцы», сціпла замоўчваюць.