BE RU EN

Журналіста Віталя Ругайна тры гадзіны трымалі на мяжы

  • 24.07.2012, 12:11

(абноўлена) У яго канфіскавалі ноўтбук, але потым вярнулі.

Сёння, 24 ліпеня, карэспандэнт «Еўрарадыё» Віталь Ругайн вяртаўся ў краіну пасля месячнай адсутнасці. Але на пагранпераходзе Гудагай на літоўска-беларускай мяжы яго затрымалі супрацоўнікі Дзяржпамежкамітэта, паведамляе TUT.by.

«Я ўжо прайшоў і памежны, і мытны кантроль, і да мяне з боку супрацоўнікаў не было ніякіх прэтэнзій», - распавёў Віталь. «Ужо збіраўся сядаць у цягнік да Маладзечна, як раптам да мяне падышоў памежнік і зноў запатрабаваў мой пашпарт, які ён кудысьці панёс, паабяцаўшы хутка вярнуць. Аднак супрацоўнік памежслужбы вярнуўся не для таго, каб аддаць мне дакумент, а за мной самім».

«Мяне папрасілі прайсці ў будынак памежслужбы і чакаць нейкіх людзей, якія, па словах гэтага супрацоўніка, «усё мне растлумачаць», - распавёў журналіст.

У журналіста канфіскавалі ноўтбук і склалі пратакол канфіскацыі.

Праз некаторы час ноўтбук аддалі, сказалі, што не маюць да яго прэтэнзій, і адпусцілі. У агульнай колькасці журналіст правёў на мяжы тры гадзіны. У цяперашні час ён накіроўваецца ў Менск аўтаспынам.

Нагадаем, праблемы ў журналістаў «Еўрарадыё» пачаліся пасля таго, як сайт радыёстанцыі апублікаваў рэпартаж пра тое, што ў менскі метрапалітэн можна бесперашкодна пранесці без усякага надгляду любыя вялікія сумкі.

Карэспандэнт Павел Свярдлоў, хоць і не быў аўтарам дадзенага матэрыялу, але адсядзеў тады 15 сутак нібыта за «нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы» (непраўдзівымі сведкамі па ягонай справе выступілі ў судзе самі міліцыянты). А Віталя Ругайна 22 чэрвеня паспрабавалі затрымаць на выхадзе з офіса «Еўрарадыё».

Гэтаму перашкодзілі журналісты іншых СМІ, якія па просьбе калегі сабраліся ў рэдакцыі і праводзілі Віталя да таксі, - затрымліваць яго пад прыцэлам фота-і відэакамер людзі ў цывільным так і не вырашыліся. Пасля гэтага Віталь Ругайн выехаў за мяжу.

Апошнія навіны