Па «калійнай справе» праходзяць ужо 20 чалавек
- 24.07.2012, 14:07
(абноўлена) Абвінавачванне па справе аб незаконным вывазе калійных угнаенняў прад'яўлена 20-ці асобам.
У ценявой схеме незаконнага вывазу калійных угнаенняў з Беларусі ў краіны ЕЗ было задзейнічана 15 райаграсэрвісаў і 13 фермерскіх гаспадарак, абвінавачванне прад'яўлена 20-ці асобам, паведаміў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» в.а. начальніка Цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязей КДБ (ЦІГС КДБ) Артур Стрэх.
«Па зноў адкрыўшыхся фактах узбуджаны шэраг крымінальных спраў па арт. 233 КК - «незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць» і арт. 243 - «ўхіленне ад выплаты сум падаткаў і збораў». У цяперашні час абвінавачванне прад'яўлена 20-ці асобам, большасць з якіх затрыманыя і знаходзяцца ў СІЗА КДБ», - праінфармаваў А.Стрэх.
Раней, нагадаў ён, была ўзбуджаная крымінальная справа па арт.228 КК - «кантрабанда».
Прадстаўнік ЦІГС адзначыў, што некаторыя асобы хаваюцца ад органаў крымінальнага пераследу за межамі Беларусі, вядзецца іх вышук. Для гэтага, сказаў А.Стрэх, забяспечана ўзаемадзеянне з праваахоўнымі органамі, спецслужбамі сумежных дзяржаў.
Па словах прадстаўніка КДБ, у ходзе расследавання ўстаноўлена, што ценявая схема вывазу угнаенняў насіла маштабны характар. «На тэрыторыі Беларусі была задзейнічана не адна, як першапачаткова меркавалася, а некалькі злачынных груповак. Да цяперашняга часу ўстаноўлена, што ў гэтай схеме было задзейнічана не менш як 15 райаграсэрвісаў, 13 фермерскіх гаспадарак, 34 ілжэпрадпрымальніцкія структуры», - паведаміў А.Стрэх.
В.а. кіраўніка ЦІГС адзначыў, што «у мэтах выкрыцця і дакументавання максімальнай колькасці эпізодаў супрацьпраўнай дзейнасці ўдзельнікаў і прыцягнення іх да адказнасці, у тым ліку і службовых асоб у сістэме аграпрамысловага комплексу, КДБ арганізавана цеснае ўзаемадзеянне з іншымі праваахоўнымі органамі, у першую чаргу падраздзяленнямі дэпартамента органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю».
У аўторак у КДБ таксама праінфармавалі аб затрыманні яшчэ аднаго ўдзельніка злачыннай групы, якая займалася кантрабандным вывазам у краіны ЕЗ беларускіх калійных угнаенняў.
«У ходзе расследавання былі атрыманы дадзеныя аб дачыненні да названых злачынстваў жыхара рэспублікі, які хаваецца ад крымінальнага пераследу на тэрыторыі Расеі. У выніку прынятых мер падазроны быў затрыманы на тэрыторыі адной з сумежных краін, дастаўлены ў КДБ і змешчаны ў СІЗА», - праінфармавалі ў ЦІГС.
У камітэце нагадалі, што ў красавіку бягучага года супрацоўнікамі КДБ у пункце мытнага афармлення «Каменны Лог» былі затрыманыя 6 вялікагрузных аўтамабіляў пры спробе кантрабанднага вывазу ў Літву 120 тон калійных угнаенняў. Па дадзеным факце следчым упраўленнем КДБ у дачыненні да шэрагу фігурантаў распачата крымінальная справа па арт. 228 (кантрабанда), арт. 233 (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць) КК Беларусі.