Аўстралія змяніла візавыя правілы для беларусаў
- 25.07.2012, 12:27
Змены ў візавых правілах Аўстраліі ў дачыненні да грамадзян Беларусі ўступаюць у сілу.
Аб гэтым паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у сераду ў беларускім МЗС.
«Заяўнікі, якім выдадзена аўстралійская віза, зараз могуць адправіцца ў Аўстралію без візавай налепкі (стыкера) у пашпарце», - растлумачылі ў міністэрстве.
«Заявы на візу трэба будзе, як і раней, падаваць у амбасаду Аўстраліі ў Маскве. Гэта можна зрабіць асабіста або даслаць па пошце», - растлумачылі ў знешнепалітычным ведамстве.
«Заяўнікам або агенцтвам не трэба накіроўваць арыгіналы пашпартоў у амбасаду Аўстраліі ў Маскве. Замест гэтага трэба падаць фотакопію старонкі пашпарта з персанальнымі дадзенымі (разам з анкетай і іншымі дакументамі, неабходнымі для афармлення візы)», - адзначылі ў МЗС.
«Пры станоўчым рашэнні аб выдачы візы амбасада Аўстраліі ў Маскве адправіць заяўніку ліст-апавяшчэнне з апісаннем тыпу, тэрмінаў дзеяння і ўмоў візы (звычайна адпраўляецца па электроннай пошце). Дадзены ліст неабходна раздрукаваць і прад'явіць разам з пашпартам у аэрапорце пры рэгістрацыі на рэйс», - праінфармавалі ў МЗС.
«Калі наяўнасць візавай налепкі ў пашпарце з'яўляецца патрабаваннем краіны транзіту, заяўнікі павінны паведаміць аб гэтым амбасадзе Аўстраліі ў Маскве і прад'явіць арыгінал пашпарта ў амбасаду пасля атрымання ліста-апавяшчэння аб выдачы візы», - паведамілі ў МЗС Беларусі.