Пракуратура дабралася да мэра Гродна
- 25.07.2012, 15:43
Прадстаўнікі кантралюючых органаў «прайшліся» па начных клубах.
Пракуратура Гродзенскай вобласці прадставіла старшыні Гродзенскага гарвыканкама Барысу Казялкову парушэнні заканадаўства аб культурна-відовішчных мерапрыемствах, перадае «Белсат».
Органы кантролю праверылі, як у горадзе над Нёманам выконваюць адпаведны ўказ Аляксандра Лукашэнкі (№ 542 ад 19 кастрычніка 2010 г.) і пастанову Савета Міністраў, якая датычыцца правядзення дыскатэк і работы начных клубаў.
Як паведамілі ў Генеральнай пракуратуры, асноўныя парушэнні такія: у начных клубах няма відэакамер і кнопак трывожнай сігналізацыі, якія перадаюць сігнал на пульты дзяжурных міліцыянтаў. Па гэтай прычыне, гаворыцца ў папярэджанні, павялічылася колькасць крадзяжоў, выпадкаў хуліганства, а таксама распаўсюджвання і ўжывання наркотыкаў.
Начныя клубы разам з заламі гульнявых аўтаматаў і гандлёвымі аб'ектамі грамадскага харчавання наведала яшчэ і санітарна-эпідэміялагічная служба. Яна таксама знайшла шмат парушэнняў, сярод якіх - продаж пратэрмінаваных прадуктаў і нелегальнага алкаголю.
У пракуратуры канстатуюць, што гарвыканкам і адміністрацыя раёнаў горада не прымалі мер, каб палепшыць сітуацыю, і не спынялі дзейнасці юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. Па прадстаўленні пракуратуры, Барыс Казялкоў павінен ліквідаваць парушэнні заканадаўства, якое рэгулюе дзейнасць начных клубаў і аб'ектаў грамадскага харчавання.