BE RU EN

Для «бітвы за ўраджай» не хапае кадраў

  • 26.07.2012, 9:21

У Беларусі вельмі востра стаіць праблема дэфіцыту механізатараў для ўборачнай кампаніі.

Аб гэтым заявіў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Васіль Паўлоўскі.

Сельскагаспадарчая тэхніка ў гэтым годзе не цалкам укамплектаваная механізатарамі. Дадаткова з заводаў і іншых прадпрыемстваў у гэтым годзе прыйшлося прыцягнуць 3,2 тысячы спецыялістаў. «З імі ўжо заключаны дагавор, і ўжо сёння-заўтра яны павінны даехаць да нашых сельгаспрадпрыемстваў, каб ўключыцца ў працу», - заявіў намеснік міністра. Тым не менш, на асобных камбайнах будуць адсутнічаць другія механізатары, дадаў ён.

Новая складаная тэхніка патрабуе кваліфікаваных кадраў, тлумачыць Васіль Паўлоўскі. Сельскае насельніцтва старэе, моладзь з'язджае ў гарады, паступае ў ВНУ, гаспадаркам даводзіцца ў якасці механізатараў прыцягваць людзей з боку.

Васіль Паўлоўскі распавёў «Ежедневнику», што гэтую праблему Мінсельгасхарч вырашае сумесна з Міністэрствам адукацыі. Вырашана павялічыць цэлевы набор на адпаведныя спецыяльнасці ў сельскагаспадарчыя навучальныя ўстановы.

Адзін са спосабаў прыцягнення кадраў на ўборачную кампанію - высокая заработная плата. «Мільёнаў 5-7 яны заробяць дакладна», - кажа чыноўнік.

Аднак праца механізатара нялёгкая. Уборка доўжыцца ў сярэднім 18-22 дні. Працоўны дзень пачынаецца з раніцы і працягваецца, пакуль на поле не выпадзе раса. На выхадныя і адгулы камбайнеры могуць разлічваць толькі ў выпадку дрэннага надвор'я.

Да таго ж, як паказвае практыка, «бітва за ўраджай» даволі небяспечная. У 2011 годзе было зафіксавана мноства выпадкаў траўматызму, тры работніка загінулі і пяць атрымалі траўмы з цяжкім вынікам.

У гэтым годзе ва ўмовах дэфіцыту кадраў нагрузка на кожнага спецыяліста будзе максімальнай. У цэлым трэба будзе ўбраць ураджай на 3,2 мільёнаў гектараў. На кожны камбайн прыйдзецца каля 300 гектараў працы. У выніку жніва ў 2012 годзе плануюць сабраць 8,4-8,5 мільёнаў тон збожжавых каласавых у свірнавай вазе.

Апошнія навіны