Рашэнне аб амністыі капіталаў пакуль не прынята
- 26.07.2012, 14:47
Канчатковы вердыкт па амністыі капіталаў не вынесены.
Пра гэта 26 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Менску паведаміў намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю - дырэктар дэпартамента фінансавых расследаванняў Рыгор Верамко, піша БелаПАН.
Пры гэтым ён адзначыў, што «дадзенае пытанне неадназначнае: ёсць думкі за, ёсць і супраць». «Мы разумеем, што калі капітал знаходзіцца за мяжой, то ўзнікае пытанне - што гэта за капітал», - сказаў намеснік старшыні КДК.
Верамко паведаміў, што гэта пытанне вывучаецца. «Яно знаходзіцца ў полі нашага зроку, і мы як орган, які непасрэдна бачыць, як з'яўляецца і ўтвараецца даход незаконны, вельмі асцярожна ў гэтай частцы разглядаем гэтае пытанне», - дадаў намеснік старшыні КДК.
Ён таксама адзначыў, што ў іншых краінах па-рознаму ставяцца да гэтай праблемы і «не заўсёды прыняцце дзяржавай тых ці іншых рашэнняў аб амністыі капіталаў прыводзіла да значнага станоўчага эфекту».