BE RU EN

Скасоўваць дамову з IteraVnukovo адправяць міністра транспарту

  • 27.07.2012, 10:43

Урад падпіша пагадненне аб скасаванні інвестыцыйнага дагавора з кампаніяй IteraVnukovo Ltd (Рэспубліка Кіпр), якая ўваходзіць у міжнародную групу кампаній «Ітэра».

Аб гэтым піша БелаПАН са спасылкай на прэс-службу ўрада.

На падпісанне пагаднення ўпаўнаважаны міністр транспарту і камунікацый Іван Шчэрба.

Інвестдагавор прадугледжваў будаўніцтва ў нацыянальным аэрапорце Менск сучаснага цэнтра тэхнічнага абслугоўвання і рамонту авіяцыйнай тэхнікі і цэнтра бізнес-авіяцыі. Дакумент быў зарэгістраваны ў Дзяржаўным рэестры інвестыцыйных дагавораў з Рэспублікай Беларусь 17 кастрычніка 2008 года.

Праект прадугледжваў перанос Менскага авіярамонтнага завода на тэрыторыю нацыянальнага аэрапорта Менск і стварэнне новага сучаснага цэнтра па тэхнічнаму абслугоўванню і рамонту авіятэхнікі.

Будаўніцтва цэнтра бізнес-авіяцыі было ўвязана з праектам «Менск-Сіці», які раней таксама планавала рэалізаваць у Беларусі кампанія «Ітэра», але адмовілася ад удзелу ў ім. Тэрміны будаўніцтва цэнтра бізнес-авіяцыі пастаянна зацягваліся, інвестар заяўляў пра складанасці, якія ў яго ўзніклі. Цяпер для рэалізацыі праекта «Менск-Сіці» шукаецца новы інвестар, будзе праведзены міжнародны конкурс.

Апошнія навіны