У Магілёве пякуць печыва з бруднага маргарыну і пратухлых дрожджаў (Фота)
- 27.07.2012, 15:06
Кіраўніцтва завода дарэмна спрабуе схаваць гэтыя факты.
На «Магілёўхлебпраме», дзе нядаўна пачалі выкарыстоўваць для выпечкі ежы сапсаваны маргарын, цяпер пратухлі яшчэ і дрожджы. Скрынкі з гэтым прадуктам стаяць і пахнуць у халадзільніках, піша «Наш Магілёў».
Упакоўкі з сапсаваным прадуктам проста накрылі паперай і напісалі «Не кранаць!». Пры гэтым з гэтых дрожджаў працягваюць рабіць выпечку.
«Кожны дзень скрынкі з дражджамі, якія дрэнна пахнуць, знікаюць у невядомым накірунку. Праз пару дзён няякасны прадукт цалкам знікне. Доказаў, што сапсаваныя дрожджы выкідваюць, няма», - распавёў рабочы хлебабулачнага завода Іван.
Фотаздымкі сапсаваных прадуктаў далі рабочыя, нягледзячы на тое, што ахова забірае ўсё мабільнікі ў работнікаў перад пачаткам працоўнага дня.
Як пісаў раней сайт charter97.org, прадпрыемства «Магілёўхлебпрам» закупіла занадта шмат маргарыну, не разлічыўшы памераў халадзільнікаў. У выніку маргарын растаў і расцёкся па падлозе. Замест таго, каб выкінуць забруджаны прадукт, работнікаў хлебакамбіната прымусілі яго збіраць. А потым з гэтага сапсаванага маргарыну на прадпрыемстве пяклі печыва, якое ядуць, у тым ліку, і дзеці.