Яўгена Васьковіча паставілі на прафілактычны ўлік
- 27.07.2012, 17:37
Сябра Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Яўген Васьковіч, які адбывае пакаранне ў магілёўскай турме № 4, пастаўлены на прафілактычны ўлік.
Пра гэта ён паведаміў у лісце сваім бацькам.
Падставай для гэтага стала нібыта схільнасць Яўгена да ўцёкаў і радыкальных дзеянняў, паведамляе прэс-служба БХД.
Таксама палітвязень паведаміў, што 11-21 ліпеня знаходзіўся ў ШЫЗА за тое, што заснуў днём. «Відавочна, на Яўгена як і на іншых палітвязняў ўзмацняецца ціск», - адзначыў адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі.
Па словах палітвязня, да яго нядаўна прыходзілі людзі ў цывільным, якія прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні, але ён адмовіўся, паколькі не лічыць сябе вінаватым. Пры гэтым да яго перасталі даходзіць нават квітанцыі ад заказных лістоў, якія слалі маладому чалавеку. Цяпер ён атрымлівае толькі лісты ад бацькоў.
Таксама Васьковіч паведаміў, што ў турме працуе: дастае гумкі з адзення, якое ідзе на ўтылізацыю. «Ад такой працы эканоміка стабільна будзе расці», - жартуе Яўген.
Палітвязень захоўвае пазітыўны настрой і на здароўе не скардзіцца.
Нагадаем, Яўгена Васьковіча затрымалі 17 студзеня 2011 у Магілёве на наступны дзень пасля яго ўдзелу ў акцыі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. Яго абвінавацілі ў нападзе на будынак КДБ у Бабруйску, які адбыўся ў ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010 года. У нападзе ніхто не пацярпеў, а рэальныя страты склалі 253 тысячы рублёў, якія былі кампенсаваныя. Нягледзячы на гэта, Яўгена Васьковіча суд прысудзіў да сямі гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.