Назіральнікі з ЗША здзейсняць палёт над тэрыторыяй Беларусі
- 30.07.2012, 9:54
Палёт пройдзе ў рамках рэалізацыі міжнароднай Дамовы «Адкрытае неба».
Амерыканскія назіральнікі ў перыяд з 30 ліпеня па 4 жніўня выканаюць палёт на амерыканскім самалёце назірання ОС-135В над тэрыторыямі Расеі і Беларусі, паведамілі "Интерфаксу-АВН" ва Упраўленні прэс-службы і інфармацыі Мінабароны РФ.
«Назіральны палёт будзе выконвацца з аэрадрома Кубінка. Максімальная далёкасць палёту - 5500 км», - удакладнілі ва Упраўленні.
У ходзе выканання палёту па ўзгодненым маршруце расейскія і беларускія спецыялісты на борце амерыканскага самалёта назірання будуць кантраляваць строгае выкананне ўзгодненых параметраў палёту і прымянення прадугледжанай Дагаворам апаратуры назірання, адзначылі ў Мінабароны.
Амерыканскі самалёт назірання ОС-135В адносіцца да класа самалётаў, не прызначаных для ўжывання якой-небудзь зброі. Самалёт і усталяваная на ім апаратура назірання (аэрафотаапараты) прайшлі міжнародны агляд, у якім прынялі ўдзел і расейскія спецыялісты, што выключае выкарыстанне тэхнічных сродкаў, не прадугледжаных Дагаворам «Адкрытае неба».