BE RU EN

Беларусь працягвае лідзіраваць па росту коштаў

  • 30.07.2012, 11:05

Ужо пяць месяцаў краіна знаходзіцца на першым месцы па тэмпах інфляцыі.

Па выніках чэрвеня Беларусь зноў апынулася на першым месцы па росце спажывецкіх коштаў сярод шэрагу краін СНД і Еўропы, перадае БелаПАН.

Параўнальныя дадзеныя Белстата сведчаць: у чэрвені гэтага года інфляцыя ў Беларусі ў параўнанні з траўнем склала 1,8%, у той час як у Расеі - 0,9%, Казахстане - 0,3%, Чэхіі, Польшчы, Італіі - 0,2 %, Венгрыі, Фінляндыі, Эстоніі - 0,1%. У шэрагу краін адбылося зніжэнне коштаў: у Балгарыі - на 1%, у Турцыі - на 0,9%, ва Украіне - на 0,3%, Ірландыі, Іспаніі - на 0,2%, Германіі, Латвіі, Літве - на 0,1%.

У чэрвені Беларусь таксама ўвайшла ў тройку лідэраў па росту індэкса коштаў на прадукты харчавання і безалкагольныя напоі, заняўшы другое месца ў спісе з паказчыкам 1,8%. Першае месца ў Расеі - 1,9%. У Чэхіі кошты на гэтыя групы тавараў выраслі на 1,4%, Славакіі - 1,1%, Эстоніі - 0,9%, Італіі - 0,8%, Польшчы - 0,7%, Іспаніі - 0,4%, Латвіі і Фінляндыі - 0,3%, Казахстане - 0,2%. У некаторых краінах кошты знізіліся: у Турцыі - на 3,4%, Балгарыі - на 2,4%, Украіне - на 0,6%, Нарвегіі - на 0,4%, Венгрыі - на 0,2%, Ірландыі і Літве - на 0,1%.

Нагадаем, у 2011 годзе ў Беларусі была зафіксаваная самая высокая за апошнія 10 гадоў інфляцыя: за год спажывецкія кошты выраслі на 108,7 пры прагнозе 7,5-8,5%.

У гэтым годзе ўрад плануе ўтрымаць інфляцыю ў межах 19-22%. За студзень-чэрвень кошты выраслі на 10,5%, з улікам ліпеня - на 11,9%

Апошнія навіны