Пенсіянерка пакусала знаёмую і выліла ёй памыі на галаву
- 30.07.2012, 11:53
Дзве жанчыны пакусалі адна адну, і справа дайшла да суда.
Інцыдэнт адбыўся ў Полацкім раёне на тэрыторыі дачнага таварыства. 62-гадовая пенсіянерка хацела выліць памыі ў вадаём пажарнага прызначэння, які знаходзiцца на зямельным участку 54-гадовай суседкі. Апошняя зрабіла заўвагу, а пенсіянерка выліла памыі суседцы на галаву і... укусіла яе за палец. А пацярпелая ўкусіла «саперніцу» за брыво, піша «Звязда».
- У ходзе расследавання крымінальнай справы было ўстаноўлена, што паміж жанчынамі даўно паўстаў канфлікт. Увесь час сварыліся. Прысудам суда 62-гадовая жанчына была аштрафаваная на 3,5 мільёна рублёў, а 54-гадовая - на 4 мільёна. Жанчыны, у сваю чаргу, патрабавалі адна ад адной кампенсацыі за нанесеную маральную шкоду і страту здароўя, - распавядае Віталь Сузанскі, старэйшы пракурор аддзела па наглядзе за законнасцю судовых пастаноў па крымінальных справах пракуратуры Віцебскай вобласці. - У выніку 62-гадовая жанчына была абавязаная выплаціць 4 мільёны рублёў, а яе суседка - 5 мільёнаў. Але абласны суд, згодна з законам аб амністыі, вызваліў пенсіянерку ад пакарання. У выніку яна нічога не заплаціла, але кампенсацыю ад суседкі атрымала.