BE RU EN

У Беларусі будуць мадэрнізаваць састарэлыя расейскія самалёты

  • 30.07.2012, 14:40

У адзінай эканамічнай прасторы беларускае прадпрыемства, хутчэй за ўсё, стане базавым для мадэрнізацыі расейскага парку састарэлых самалётаў.

Як піша РІА «Новости», пра гэта заявіў міністр прамысловасці і гандлю Расеі Дзяніс Мантураў.

«На нейкім этапе мы будзем выкарыстоўваць тэхніку забытую, такую як Ан-2 і Як-40, яны будуць рэматарызавацца», - адзначыў міністр.

Адносна Як-40, міністр сказаў, што ў канцы наступнага года Мінпромторг плануе перадаваць яго рамонтным прадпрыемствам.

«Хутчэй за ўсё, гэта будзе менскі рамонтны завод у Беларусі. Мы сёння ў адзінай мытнай прасторы, таму калег будзем выкарыстоўваць, у тым ліку, у рамках кааперацыі», - дадаў ён.

Падобныя меры, як патлумачыў Мантураў, звязаныя з развіццём рэгіянальнай авіяцыі.

Таксама міністр паведаміў, што прыкладна праз тры гады плануецца запуск новага самалёта для рэгіянальных перавозак на 19 пасадачных месцаў. Самалёт будзе распрацоўвацца ва Уладзівастоку.

Адзначым, што самалёты Ан-2 вырабляліся ў СССР з 1947 па 1971 гады, а Як-40 з 1966 па 1981.

Апошнія навіны