«Чорных капальнікаў» вылоўліваюць у Інтэрнэце
- 30.07.2012, 14:51
Супрацоўнікі міліцыі правераць больш за 200 чалавек на прадмет датычнасці да незаконных раскопак у месцах баёў.
Напярэдадні аператыўныя супрацоўнікі праверылі некаторыя «групы па інтарэсам» у сацыяльных сетках. Аказалася, што аматараў пакапаць, а затым прадаць або пахваліцца знойдзеным нямала. Устаноўлены асобы 225 такіх чалавек. Пачынаючы з 30 ліпеня, кожнага з іх наведаюць супрацоўнікі міліцыі і правераць на дачыненне не толькі да раскопак, але і да незаконнай рэалізацыі або выкарыстання зброі ці выбуховых рэчываў, паведамляе БелаПАН.
У выпадку выяўлення боепрыпасаў, якія незаконна захоўваюцца, грамадзянін можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці аж да пазбаўлення волі на тэрмін да 12 гадоў.
Ёсць аматары наведаць месцы баявых дзеянняў і ваенныя пахаванні ў пошуках любых прадметаў, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной. Такія «шукальнікі» у выпадку выяўлення небяспечных знаходак у асноўным добраахвотна здаюць іх у міліцыю. Але ў гэтым выпадку існуе яшчэ адзін нюанс - артыкул 19.7 КаАП. За парушэнне парадку адкрыцця воінскіх пахаванняў альбо правядзення пошукавых работ прадугледжаны штраф ад 10 да 30 базавых велічынь.
У бягучым годзе з незаконнага абароту канфіскавана 631 адзінка незарэгістраванай зброі, добраахвотна здадзены 733. З іх у 5% выпадкаў былі ўзоры, якiя выраблены да канца 1945 года.