Улады паклалі вока на адэскі порт
- 31.07.2012, 12:06
Беларусь зацікаўлена ў выкарыстанні ўкраінскіх гандлёвых пляцовак як перавалачных баз для беларускага экспарту і імпарту.
Пра гэта ў эфіры праграмы «Топ-інтэрв'ю» (тэлеканал «ОК») паведаміў старшыня Адэскага аблсавета Мікалай Пундзік, піша «Товарищ.online».
«Нядаўна я сустракаўся з генеральным консулам Беларусі ў Адэсе Валянцінам Філіпчыкам, і ён адкрыта паведаміў, што Адэская вобласць цікавая для іх сваімі партамі», - сказаў Мікалай Пундзік.
На яго думку, гэта лагічна, бо Беларусь - адна з нешматлікіх постсавецкіх краін, якая не мае прамога выхаду да мора.
«Можна скарыстацца партамі Прыбалтыкі, але на сённяшні дзень там ужо дзейнічаюць расцэнкі ЕЗ. Расцэнкі ў нашых чарнаморскіх партах нашмат ніжэй, таму Беларусь зацікаўлена ў выкарыстанні нашых гандлёвых пляцовак як перавалачных баз для экспарту і імпарту», - паведаміў кіраўнік аблсавета.