Маладым сем'ям прыйдзецца туліцца ў кватэрах плошчай 25 метраў
- 31.07.2012, 13:19
На думку экспертаў «Менскпраекта», для маладой сям'і цалкам дастаткова маламетражкі плошчай 20-25 квадратных метраў.
Урад паставіў задачу забяспечыць беларусаў недарагім новым жыллём. Гэта збіраюцца рабіць за кошт перагляду тыпавых праектаў і спрашчэння планіроўкі. Распрацоўнікі з «Белзамежбуд» прапаноўваюць зрабіць жыллё максімальна кампактным, адмовіцца ад «празмернасцяў» у выглядзе кладовак, доўгіх калідораў і прасторных кухняў. Мяркуючы па ўсім, хутка гэтыя планы пачнуць ператварацца ў жыццё. Праект першага комплексу жылых дамоў з малагабарытнымі кватэрамі ўжо распрацаваны, піша onliner.by.
Зараз падбіраецца ўчастак для будаўніцтва комплексу на тэрыторыі Менска і Менскага раёна. Пяціпавярховыя дамы будуць складацца з жылых памяшканняў плошчай 25 і 30 кв. м. На адным паверсе будзе размяшчацца 20 кватэр.
«Гэта будзе калідорны тып жылля з агульным адзіным уваходам, - тлумачыць начальнік упраўлення праектных работ ЗАТ «Белзамежбуд» Вадзім Дражын. - У склад кватэры, якая нагадвае гасцінічны нумар, уваходзіць выдзелены санітарны вузел і жылое памяшканне. Пакой ўмоўна падзяляецца на зоны: кухонная, абедная, працоўная і зона зносін, якая лёгка трансфармуецца ў спальнае месца».
Кватэры-студыі, арыентаваны ў першую чаргу на студэнтаў, маладыя сямейныя пары і пенсіянераў.
Аб кошце новага «сацыяльнага» жылля пакуль не паведамляецца.