BE RU EN

Беларускі міліцыянт галадае ў эквадорскай турме

  • 31.07.2012, 13:51

Аляксандр Баранкоў просіць яго не экстрадаваць у Беларусь.

Пра гэта «Белсату» паведамілі мясцовыя праваабаронцы. Тэлесюжэт пра былога міліцыянта паказаў эквадорскі тэлеканал «Ecuavisa».

Былы беларускі следчы Аляксандр Баранкоў галадае ў знак пратэсту супраць таго, што ў яго могуць адабраць статус бежанца і выдаць уладам Беларусі. 21 чэрвеня па гэтай справе адбыўся суд, які павінен прыняць рашэнне адносна экстрадыцыі ў Беларусь. Статус бежанца ў затрыманага пакуль не забралі, аднак ён застаецца за кратамі.

Паводле інфармацыі, якую 5 ліпеня інфармацыйна-асветніцкая ўстанова «Платформа» атрымала ад знаёмага Баранкова, улады Беларусі рознымі спосабамі спрабуюць дамагчыся яго экстрадыцыі.

Праз два тыдні пасля візіту Аляксандра Лукашэнкі сюжэт пра беларуса паказалі ў начным выпуску навінаў «Televistazo» на тэлеканале «Ecuavisa», які мясцовыя жыхары лічаць самым аб'ектыўным. У ім гаворыцца, што справа канфіскацыі ў Баранкова статусу бежанца не закончана.

Аб затрыманні ў Эквадоры Аляксандра Баранкова паведаміла «Платформа», з якой ён звязаўся па тэлефоне 17 чэрвеня. Гэта адбылося напярэдадні лацінаамерыканскага турнэ Аляксандра Лукашэнкі. Менавіта з прыездам кіраўніка Беларусі ў Эквадор Баранкоў і звязвае свой арышт.

З радзімы былы следчы схаваўся пасля таго, як КДБ узбудзіў супраць яго дзве крымінальныя справы. Па словах Баранкова, гэта магло быць помстай за тое, што ён падчас службы ў праваахоўных органах выявіў шматлікія факты злоўжыванняў і карупцыі ў асяроддзі праваахоўных органаў і камерцыйных структур. Пасля яго ад'езду ў Эквадор улады абвясцілі яго ў вышук Інтэрпола.

Апошнія навіны