Пацыентаў прымушаюць падпісвацца за «дэпутата»-галоўнага ўрача
- 31.07.2012, 16:16
Ад пацыентаў патрабуюць падпісвацца за галоўнага ўрача гомельскага кардыялагічнага дыспансера, а настаўнікаў прымушаюць збіраць за яго подпісы.
Грамадская актывістка Галіна Краўчанка сутыкнулася з выпадкамі парушэння выбарчага заканадаўства з боку кандыдата ў «палатку» ад улады. Па Гомельскай-Прамысловай акрузе будзе балатавацца галоўны ўрач абласнога кардыялагічнага дыспансера Ганна Лапаціна, піша ПЦ «Вясна».
«Падчас збору подпісаў удзельнікамі маёй ініцыятыўнай групы жыхары акругі распавялі пра тое, якімі метадамі збіраюцца подпісы ў падтрымку Ганны Лапацінай. Адна жанчына, інвалід, распавяла, што калі была на прыёме ў паліклініке, то ў кабінеце доктара ад яе патрабавалі, каб яна падпісалася за Ганну Лапаціну. Матывавалі гэта тым, што трэба падтрымліваць работнікаў медыцыны, так як яна ў Беларусі бясплатная», - распавяла Галіна Краўчанка.
У іншым доме зборшчыкам подпісаў распавялі, што ўжо некалькі дзён па кватэрах ходзяць настаўнікі мясцовых школ, якія таксама збіраюць подпісы за праўладнага кандыдата і скардзяцца, што іх да гэтага прымусілі.
Нагадаем, што збор подпісаў на працоўным месцы, у працоўны час, а таксама прымусовы збор подпісаў забаронены выбарчым заканадаўствам.
Між тым, часта менавіта дактары і настаўнікі, прадстаўнікі высакародных прафесій, збіраюць подпісы за праўладных кандыдатаў, звяртаючыся да незаконных метадаў.