Пофала: ЕЗ будзе прытрымлівацца жорсткіх санкцый супраць Лукашэнкі
- 31.07.2012, 17:00
Любое супрацоўніцтва з дыктатарам умацоўвае яго пазіцыі.
Чалавек, які фальсіфікуе выбары, кідае ў турму адважных крытыкаў рэжыму і спрабуе зламаць іх фізічна і маральна - такім бачыць Аляксандра Лукашэнку высокапастаўлены нямецкі палітык, кіраўнік ведамства федэральнага канцлера Германіі і федэральны міністр па асаблівых даручэннях Рональд Пофала.
У сваім артыкуле, апублікаваным у нямецкай газеце Frankfurter Allgemeine (пераклад - ИноТВ), Пафала абрынуўся з рэзкай крытыкай на афіцыйны Менск і адхіліў любую магчымасць супрацоўніцтва з «рэжымам», які душыць свабоднае выказванне палітычнай волі ў краіне, арыштоўвае кандыдатаў у прэзідэнты прама ў дзень галасавання і прыводзіць у дзеянне ў вышэйшай ступені сумніўныя смяротныя прысуды.
У краіне забаранілі праводзіць нават бяскрыўдныя флэш-мобы, не кажучы ўжо пра незалежныя апытанні насельніцтва, наракае аўтар.
23 верасня 2012 года ў Беларусі адбудуцца «парламенцкія выбары», якія, відавочна, пройдуць ва ўжо знаёмай манеры: прадстаўнікоў апазіцыі зноў не дапусцяць у склад выбаркамаў, незалежныя партыі адхіляць пад любымі падставамі. Так, усяго 2 тыдні таму ўдзельнічаць у выбарах было забаронена двум партыям. Лідэр адной з іх, Мікалай Статкевіч, адбывае турэмнае пакаранне па палітычных матывах, а другі, Алесь Міхалевіч, быў вымушаны шукаць прытулку ў ЕЗ, піша нямецкі палітык.
Пофала адзначае, што дыктатура ламае лёсы сапраўдных патрыётаў, такіх як кандыдат у прэзідэнты Беларусі Андрэй Саннікаў і яго жонка Ірына Халіп. Іх «злачынства»: яны імкнуліся да большай дэмакратыі і волі.
У гэтых умовах любое двухбаковае супрацоўніцтва толькі ўзмацніла б пазіцыі рэжыму. І хоць крытыкі справядліва паказваюць на тое, што Еўропа можа назаўжды страціць Беларусь - бо пры Аляксандры Лукашэнке краіна адмовілася ад значнай часткі свайго эканамічнага суверэнітэту на карысць Расеі - ЕЗ выбірае супрацьлеглы шлях, адзначае Рональд Пофала.
У Германіі і Брусэлі маюць намер і далей прытрымлівацца рэжыму жорсткіх санкцый у дачыненні да вышэйшых беларускіх чыноўнікаў - у форме візавых забарон, блакавання рахункаў і зброевага эмбарга - і, адначасова, наладжваць дыялог з грамадзянскай супольнасцю, палягчаць кантакты паміж жыхарамі Беларусі і ЕЗ. Моладзі дадуць магчымасць вучыцца ва ўніверсітэце на тэрыторыі Літвы або ў іншых свабодных універсітэтах Еўропы.
«Нам ёсць справа да гэтай краіны», - такі пасыл, які, на думку нямецкага палітыка, абавязаны данесці да беларусаў еўрапейскія краіны.