Менская вобласць рыхтуецца ў чарговы раз пераступіць «святую лічбу»
- 31.07.2012, 17:03
Вынікі першага паўгоддзя для сталічнага рэгіёну прызнаныя на пасяджэнні Менаблвыканкама «у цэлым паспяховымі».
Хоць пры гэтым вобласць не выканала цэлых сем параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця, у тым ліку рост аб'ёмаў валавога рэгіянальнага прадукта, паведамляе карэспандэнт charter97.org.
Затое Менская вобласць лідзіруе ў краіне па тэмпах росту заработнай платы. Мабыць, жаданне дагадзіць і ў чарговы раз пераступіць «святую лічбу» пераважвае ўсе іншыя. У чэрвені сярэднямесячная заработная плата, якую афіцыйныя статыстыкі чамусьці называюць рэальнай, дасягнула 3 млн. 740 тыс. руб (451$).
Усё бы нічога, але Менская вобласць лідзіруе і яшчэ па адным паказчыку - колькасці суб'ектаў гаспадарання, дзе заработная плата складае ад 1 да 2 мільёнаў рублёў (120-241$). Усяго на Меншчыне налічваецца 194 такія арганізацыі.
Высокія тэмпы росту зарплаты забяспечваюцца ў вобласці ў асноўным за кошт двух раёнаў - Менскага і Салігорскага, а таксама горада Жодзіна. У астатніх дваццаці раёнах карціна не настолькі дабратворная. Напрыклад, у самым вялікім па колькасці насельніцтва Барысаўскім раёне, дзе функцыянуе больш за сорак прадпрыемстваў, сярэднямесячная зарплата па выніках студзеня-траўня складала 2741,5 тыс. руб. (330$), а ў Валожынскім раёне і таго менш - 2367 тыс. руб. (285$).