BE RU EN

Гамяльчанін дамогся кампенсацыі ад ДАІ за наезд на нагу

  • 5.07.2012, 9:53

У судзе Чыгуначнага раёна Гомеля разглядалася грамадзянская справа Віктара Цвяткова па іску да абласной ДАІ пра кампенсацыю маральнай шкоды.

Усё пачалося з таго, што на нагу гамяльчаніна Віктара Цвяткова наехаў службовы аўтамабіль ДАІ, за рулём якога знаходзіўся афіцэр міліцыі Кончыц. Па фактах праверкі Міхаіл Кончыц прызнаны вінным у ДТЗ, якое выклікала лёгкія цялесныя пашкоджанні, за што аштрафаваны на суму 105 тысяч беларускіх рублёў, піша «Гомельская правда».

Але Віктара Цвяткова такі зыход справы не задаволіў:

— Нага ў мяне зажыла, але крыўда засталася: у мяне не палічылі патрэбным прасіць прабачэння. Акрамя таго лічу, што пакаранне для супрацоўніка ДАІ, які наехаў на пешахода, занадта мяккае. Таму і звярнуўся ў суд.

Маральныя пакуты, як ён растлумачыў у судзе, выявіліся ў тым, што прыйшлося доўгі час дамагацца прыцягнення да адказнасці віноўніка ДТЗ. У іскавой заяве Віктар Цвяткоў прасіў спагнаць на яго карысць 5 мільёнаў рублёў кампенсацыі маральнай шкоды, а таксама пакрыць судовыя выдаткі.

Разгледзеўшы грамадзянскую справу, суд вырашыў іскавыя патрабаванні Цвяткова аб матэрыяльным пакрыцці маральнай шкоды задаволіць часткова. Спагнаць у карысць Цвяткова ў якасці матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды са скарбу Рэспублікі Беларусь (бо шкода прычынена службовай асобай дзяржаўнага воргана пры выкананні службовых абавязкаў, яна падлягае пакрыццю за кошт скарбу РБ. — Заўв. аўтара) 500 тысяч рублёў і выдаткі, панесеныя Цвятковым па аплаце юрыдычнай дапамогі пры складанні іскавой заявы ў памеры 1 млн рублёў і аплаце дзяржпошліны 105 тыс. рублёў.

— Для мяне памер маральнай шкоды не прынцыповы, — кажа Віктар Цвяткоў. — Галоўнае, адноўлена справядлівасць.

Бакі пагадзіліся з развязкам суда першай інстанцыі. Гомельская Дзяржаўтаінспекцыя не стала яго абскарджваць.

Апошнія навіны