Рада ААН па правах чалавека прыме рэзалюцыю па Беларусі
- 5.07.2012, 10:24
На парадку дня Рады ААН па правах чалавека на 5 ліпеня сярод пытанняў для галасавання значыцца рэзалюцыя аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
20-я сесія рады праходзіць з 18 чэрвеня па 6 ліпеня ў Жэневе, піша БелаПАН.
У змешчаным на сайце рады праекце рэзалюцыі знаходзіцца заклік да беларускіх улад неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітвязняў, а таксама патрабаванне правесці «поўнае і транспарэнтнае расследаванне ўсіх паведамленняў пра ўжыванне катаванняў і негуманнае абыходжанне з палітвязнямі", «неадкладна спыніць практыку адміністрацыйных затрыманняў прадстаўнікоў апазіцыі, грамадства, журналістаў і праваабаронцаў і не перашкаджаць іх вольнаму перамяшчэнню, у тым ліку выездам за межы краіны».
Дакумент заклікае беларускія ўлады выканаць усе рэкамендацыі, якія змяшчаюцца ў дакладзе вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека аб сітуацыі ў Беларусі.
У праекце рэзалюцыі знаходзіцца рашэнне аб прызначэнні мандата спецдакладчыка па Беларусі і заклік да беларускага ўрада аб паўнавартасным супрацоўніцтве з ім, аб прадастаўленні спецдакладчыку ўсёй патрэбнай інфармацыі і магчымасцей наведаць краіну.
Нагадаем, 27—28 чэрвеня ў радзе прайшлі дэбаты адносна сітуацыі ў Беларусі. Ім папярэднічалі выступы вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Наві Пиллэй і пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры ААН у Жэневе Міхала Хвастова, якія прадставілі процілеглыя па сваёй сутнасці даклады.
З крытыкай Беларусі выступілі прадстаўнікі місіі Еўразвяза пры ААН, Венгрыі, Германіі, Велікабрытаніі, Швейцарыі, Нарвегіі, Харватыі, Нідэрландаў, Іспаніі, Чэхіі, Швецыі, Эстоніі, Аўстрыі, Літвы, Славакіі, Францыі, Бельгіі, Рэспублікі Карэя, ЗША і Канады, а таксама праваабарончых арганізацый — Фонду дамоў праў чалавека, Human Rights Watch, Міжнароднай федэрацыі лігі па правах чалавека, «Міжнароднай амністыі» і «Сівікуса».
Гэтыя краіны і арганізацыі цалкам падтрымалі сутнасць патрабаванняў да ўлад Беларусі, якія змяшчаюцца ў дакладзе вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека і ў праекце рэзалюцыі па Беларусі, распрацаваным ЕС, а менавіта: выконваць правы чалавека, вызваліць палітвязняў, увесці мараторый на смяротнае пакаранне і паўнавартасна супрацоўнічаць з усімі механізмамі ААН.
Процілеглую пазіцыю падчас дыскусіі выказалі партнёры Беларусі па Мытным звязе і ЕЭП — Расія і Казахстан.
У падтрымку афіцыйнага Менска таксама выказаліся прадстаўнікі Азербайджана, В'етнама, Кубы, Венесуэлы, Сірыі, КНДР, Таджыкістана, Узбекістана, Ірана, Кітая і Зімбабвэ.