Пайшоў на крайнія меры
- 5.07.2012, 11:15
Жыхар Драгічына «замінаваў» вакзал, патрабуючы размовы з уладамі.
Праваахоўныя ворганы праводзяць праверку па факце ілжывага паведамлення аб мінаванні чыгуначнага вакзала Брэст-Цэнтральны.
Як паведамілі ва ўпраўленні унутраных спраў на транспарце МУС, інцыдэнт адбыўся 1 ліпеня. У Брэсцкі аддзел транспартнай міліцыі па тэлефоне ад галоўнага спецыяліста юрыдычнага аддзела Брэсцкага аблвыканкама паступіла паведамленне аб тым, што да іх па мабільным тэлефоне патэлефанаваў невядомы мужчына, які назваўся індывідуальным прадпрымальнікам з Драгічына. Мужчына папрасіў, каб яго па тэлефоне звязалі з кіраўніцтвам краіны ці старшынёй аблвыканкама па асабістым пытанні, пасля чаго заявіў, што на вакзале станцыі Брэст-Цэнтральны закладзена выбуховае прыстасаванне, піша БелаПАН.
Падчас праведзенага комплексу мерапрыемстваў выбуховая прылада знойдзена не была, інфармацыя не пацвердзілася. З будынка вакзала праводзілася эвакуацыя 117 пасажыраў і супрацоўнікаў вакзала. Затрымкі ў руху цягнікоў не было.
У Драгічыне па падазрэнню ў здзяйсненні злачынства быў затрыманы 53-летні мужчына.