Лукашэнка баіцца, што Захад яго зрыне
- 5.07.2012, 12:18
Беларускі дыктатар выступіў у абарону Асада і Ахмадзінежада.
«У нас няма геапалітычных амбіцый, але мы павінны бараніць нацыянальныя інтарэсы і ўмацоўваць вайсковую бяспеку Беларусі. Для гэтага і існуе сучаснае войска», - заявіў Аляксандр Лукашэнка ў чацвер на прыёме выпускнікоў вайсковых навучальных устаноў Беларусі і Расеі.
Дыктатар адзначыў, што «нават да другога дзесяцігоддзя 21-га стагоддзя чалавецтва не здолела выпрацаваць надзейныя механізмы забеспячэння бяспекі ў свеце». «Палітыкі сусветных звышдзяржаў усё яшчэ аддаюць перавагу казаць з устойлівымі дзяржавамі на мове сілы», - сказаў А.Лукашэнка. Пра гэта, паводле яго словаў, «красамоўна сведчаць падзеі ў Іраку, Егіпце, Лівіі, а таксама становішча вакол Ірана і Сірыі».
Кажучы пра ўмацаванне вайсковай бяспекі краіны, А.Лукашэнка канстатаваў, што ў Беларусі атрымалася забяспечыць «высокі маральны дух і прафесіяналізм ваеннага склада, захаваць у грамадстве аўтарытэт вайскоўцаў». «Але будучыня гэтай адладжанай сістэмы ў вашых руках», - заявіў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да выпускнікоў вайсковых устаноў. А.Лукашэнка сказаў, што ім трэба штодня вырашаць складаныя заданні падтрымання баявой гатовасці і абсталяванасці войскаў. «Аднак прыярытэтным кірункам працы павінна стаць умацаванне пачуцця патрыятызму ў нашых вайскоўцаў», - падкрэсліў дыктатар.