ААН прызначае спецдакладчыка па Беларусі
- 5.07.2012, 14:11
Рада ААН па правах чалавека прагаласавала за ўвядзенне мандата спецдакладчыка па Беларусі.
За такое рашэнне выступілі 22 краіны, супраць — 5, устрымаліся — 20.
У рэзалюцыі па Беларусі, прынятай 5 ліпеня на сесіі Рады ААН па правах чалавека ў Жэневе, знаходзіцца заклік да беларускіх улад «неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітвязняў», правесці «поўнае і транспарэнтнае расследаванне ўсіх паведамленняў аб ўжыванні катаванняў і негуманным звароце з палітвязнямі», «неадкладна спыніць практыку адміністрацыйных затрыманняў прадстаўнікоў апазіцыі, грамадства, журналістаў і праваабаронцаў і не перашкаджаць іх вольнаму перамяшчэнню, у тым ліку выездам за межы краіны», перадае БелаПАН.
Дакумент заклікае афіцыйны Менск выканаць усе рэкамендацыі, якія змяшчаюцца ў дакладзе вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека аб сітуацыі ў Беларусі, які быў прадстаўлены падчас сесіі.
Рэзалюцыя таксама змяшчае заклік да беларускага ўрада аб паўнавартасным супрацоўніцтве са спецдакладчыкам, прадастаўленні яму ўсёй патрэбнай інфармацыі і магчымасцяў наведаць краіну.