BE RU EN

Мінскія ўлады палююць на кватэры самотных старых

  • 5.07.2012, 17:19

Пенсіянерам прапануюць памяняць кватэру на пажыццёвае забеспячэнне і дармавое пахаванне.

Мінскі гарвыканкам прапануе самотным старым, якія маюць сталічную кватэру ва ўласнасці, дамову: вы нам - жыллё, а мы вам – пажыццёвае забеспячэнне з дармавым пахаваннем. Улады называюць гэта эксперыментам і вывучэннем попыту на такое сацыяльнае забеспячэнне. Але звонку гэта чамусьці нагадвае паляванне на лёгкую здабычу, паведамляе «Белсат».

Сацыяльны эксперымент

Па ініцыятыве А. Лукашэнкі ў 2011 годзе ўзнікла шматгадовая эксперыментальная праграма для памену жылля пажылых людзей на дзяржаўнае сацзабеспячэнне. Менск быў вызначаны рэгіёнам для эксперыменту, які плануюць скончыць у 2015 годзе.

Эксперымент ідзе не занадта ўдала. Пакуль што толькі адзін чалавек аформіў дамову пажыццёвай рэнты, паведаміла 4 ліпеня на прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення сацыяльнай падтрымкі насельніцтва Камітэта працы, занятасці і сацыяльнай абароны насельніцтва Мінгарвыканкама Галіна Грыб.

Сутнасць пажыццёвай дамовы рэнты простая: стары, якому больш за 70 гадоў і які не мае блізкіх, аддае дзяржаве сваю нерухомую маёмасць, а за гэта атрымлівае дагляд і невялікія грошы на жыццё. Пасля яго смерці дзяржава можа распараджацца маёмасцю.

Погляд драпежніка

Усё сведчыць, што актыўная фаза эксперыменту, які праходзіць з 2011 году, пачалася менавіта зараз. За апошні месяц Мінскі гарвыканкам двойчы анансаваў і праводзіў прамыя лініі пад назвай «Аб парадку размеркавання пажылых грамадзян і інвалідаў у дамы-інтэрнаты Менска». Адказнае аддзяленне гарадскіх улад арганізуе прэс-канферэнцыі па гэтай тэме і заяўляе, што праводзіць тлумачальную працу.

Сацыяльныя службы падлічылі, што ў Менску жывуць каля 7 тысяч самотных кватэраўладальнікаў, якім больш 70 гадоў, - іх патэнцыйныя кліенты.

Жыццё перад смерцю

Пажыццёвая дамова рэнты з дзяржавай азначае, што са сваёй кватэры вас пераселяць у дом-інтэрнат на адлегласці 40 кіламетраў ад Менска, недалёка ад вёскі Траскоўшчына. У «Світанку» ўсё на вышэйшым узроўні: пяціразовае харчаванне, індывідуальныя пакоі з сучаснай мэбляй і тэлевізарам, забаўляльныя кружкі, прырода, медыцынскае абслугоўванне, рытуальная зала, морг і г.д. Усё гэта ярка малюе рэкламны артыкул у газеце Беларускага грамадства інвалідаў. Пасля смерці дом-інтэрнат прымае на сябе абавязак у пахаванні.

Да смерці старому, які аддаў сваю кватэру дзяржаве, гарантуюцца выплаты рэнты (1-3 базавыя велічыні ў месяц) і частка пенсіі - каля 10%. «Світанак» разлічаны на 150 месцаў. Сюды можна засяліцца і на кароткі тэрмін без перадачы нерухомасці дзяржаве - на тэрмін ад 1 да 6 месяцаў. У мінулым годзе гэта паслуга каштавала 900 тысяч рублёў у месяц.

Апошнія навіны